1267

Газета “Гомельскія ведамасці” не заўважыла ў горадзе “Марш недармаедаў”

07.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту ў рэгіёне Віктар Адзіночанка пацікавіўся, чаму мясцовыя афіцыйныя СМІ не асвятлялі марш пратэсту супраць прэзідэнцкага дэкрэту № 3 аб дармаедстве.

У прыватнасці, праваабаронца звярнуў увагу на адсутнасць інфармацыі пра шматтысячны “Марш недармаедаў”, які прайшоў у Гомелі 19 лютага, у гарадской газеце “Гомельскія ведамасці”.

Галоўная рэдактарка гарадской газеты Тамара Суботка адказала на запыт праваабаронцы:

“Ваш зварот наконт асвятлення газетай “Гомельскія ведамасці” марша супраць дэкрэта №3 19.02.2017 года ў абласным цэнтры быў разгледжаны. Названы Вамі марш быў несанкцыянаваны, не ўзгоднены ва ўстаноўленным заканадаўствам парадку”.

Праваабаронца вельмі здзіўлены такім адказам, бо ў горадзе шмат падзей адбываецца “не ўзгодненых ва ўстаноўленным заканадаўствам парадку”.

“Я не думаю, што гэта пазіцыя рэдакцыі, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Віктар Адзіночанка. — Гэта, хутчэй за ўсё, пазіцыя гарадскіх уладаў, заснавальнікаў газеты. І гэта небяспечна. Яны перабываюць у нейкім іншым вымярэнні, не адчуваюць, што адбываецца ў рэчаіснасці. Яны адарваліся ад рэальнасці. І газета не піша пра рэальныя праблемы ў горадзе, перастаючы быць сродкам масавай інфармацыі. На гэту акалічнасць праз свой ліст я і хацеў звярнуць увагу”.

Тым часам у горадзе адбыўся не толькі “Марш недармаедаў”, але і сабраны дзесяткі тысяч подпісаў за адмену дэкрэта № 3. Пад адным толькі электронным зваротам Віталя Юрчанкі ў Адміністрацыю прэзідэнта падпісаліся звыш 61 тысячы чалавек. На раздрукоўку подпісаў  і адпраўку іх адрасату спатрэбілася 1 900 аркушаў паперы фармату А 4. Зварот Юрчанкі з раздрукаванымі подпісамі заважыў на пошце 10 кілаграм 800 грамаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!