293

“Газеце Слонімскай” сёння 22 гады — чытачы ўдзельнічаюць у віктарыне па гісторыі выдання

24.04.2019 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ для Baj.by

24 красавіка 1997 года выйшаў №1 “Газеты Слонімскай” пад рэдакцыяй яе заснавальніка журналіста Віктара Валадашчука.

Першы нумар чорна-белай “Газеты Слонімскай” зрабілі Віктар Валадашчук, Сяргей Чыгрын і Сяргей Ёрш пры фінансавай падтрымцы слонімскага прадпрымальніка Генадзя Бабошкіна. Выйшаў ён тыражом 3 000 экзэмпляраў на чатырох паласах. На піку свайго развіцця тыраж газеты сягаў 12 500 асобнікаў і аб’ёму ў 40 старонак.

Сёння свет пабачыў ужо 1142 нумар газеты. З гэтай нагоды журналісты Вольга Шынкевіч і Жанна Іванова падрыхтавалі для чытачоў 22 пытанні з гісторыі выдання і, адпаведна, столькі ж прызоў для пераможцаў гэтай анлайн-віктарыны ў групе “Газеты Слонімскай” сацсекткі “Вконтакте”.

Цяперашні, 1142 нумар газеты, выйшаў тыражом 3010 асобнікаў і аб’ёмам 24 паласы. Над ім працавалі журналісты Ганна і Яўген Валадашчукі, Вольга Шынкевіч, Жанна Іванова, Крысціна Саладуха і аўтар гэтых радкоў.

Здаецца, за 22 гады завершыўся пэўны круг у развіцці выдання і газета зноў увайшла ў свае берагі. Яе штотыдзень чакаюць і чытаюць тыя, хто звыкся чытаць  папяровую газету.

Тым часам у інтэрнэце, на сайце газеты і на яе старонках у сацыяльных сетках жыццё бурапеніцца. За 22 гады вытворчасць і спажыванне інфармацыі змяніліся кардынальна. Але і старая традыцыя пакуль жывая.

Фота з архіва “ГС”