369 0

"А "Газеце Слонімскай" нельга”: працоўныя будні незалежнага СМІ

30.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Карэспандэнт "Газеты Слонімскай" Мікіта Пастухоў, праводзячы апытанне па выбары найлепшага ў сезоне футбаліста Слонімшчыны, хацеў даведацца пра меркаванне на гэты конт работнікаў аддзела спорту і турызму Слонімскага райвыканкама. 27 лістапада журналіст увайшоў у будынак раённай адміністрацыі, але далей файе прайсці не атрымалася.

Выслухаўшы пра мэту візіту, супрацоўніца аховы ветліва адказала Пастухову, што не прапусціць, паколькі ёсць распараджэнне не пускаць супрацоўнікаў "Газеты Слонімской" па працоўных пытаннях. І дадала, што нядаўна ў райвыканкам ужо не дазволілі прайсці распаўсюдніку "Газеты Слонімской".

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/5_0.jpg

Ахоўнік прапанавала, як варыянт, патэлефанаваць у аддзел спорту і турызму, каб хто-небудзь спусціўся пагутарыць з журналістам. Датэлефанавацца не атрымалася, і карэспандэнт пакінуў будынак дзяржустановы без патрэбнай інфармацыі.

У рэдакцыі "ГС" падчас абмеркавання гэтага інцыдэнту распаўсюдніца "Газеты Слонімской" Ніна Рыжова пацвердзіла словы ахоўніка. Апынулася, што менавіта яе не пускалі ў Слонімскі райвыканкам:

— 15 лістапада прыношу газеты, пошту. Збіраюся ісці на 5-ы паверх, а мне ахова кажа: "А "Газеце Слонімскай" нельга". Я кажу: "А хто распарадзіўся?", мне адказваюць: "Руткоўская Кацярына Янаўна (нам. кіраўніка Слонімскага райвыканкама — заўв. аўтара)".

Пасля гэтага выпадку Ніна Рыжова 21 лістапада запісалася на прыём да намесніка пракурора Слонімскага раёна:

— Я плачу, кажу: "Я грамадзянка Беларусі, і чаму я не маю права ўвайсці ў будынак райвыканкама, бо ўсе сродкі масавай інфармацыі маюць аднолькавыя правы, як сказаў кіраўнік краіны". Намеснік пракурора патэлефанаваў Кацярыне Руткоўскай, а яна адказала што такога распараджэння не давала. Пасля я пайшла ў дэпартамент аховы, дзе пагаварыла з іх начальнікам. Такі добры мужчына аказаўся, ён мяне нават ні разу не перабіў і паабяцаў разабрацца.

У выніку, па словах паштальёна, 22 лістапада падчас наступнага візіту ў райвыканкам ахова ўжо не перашкаджала ёй прайсці далей уваходных дзвярэй.

— Вось так і атрымліваецца, што не толькі журналістам па працоўных момантах, але і простым супрацоўнікам незалежнага СМІ, якія разносяць пошту, часам праблематычна патрапіць у райвыканкам, — зазначае журналіст Мікіта Пастухоў.

Каментары