514

Гарадскі выбаркам адмовіў “Брэсцкай газеце” ў прадстаўленні графіка сустрэч кандыдатаў у дэпутаты

02.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Як паведамілі ў рэдакцыі газеты, журналіст выдання Таццяна Гапеева звярнулася ў Брэсцкую гарадскую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў з просьбай прадаставіць графік сустрэч кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савета.

Старшыня камісіі Ірына Мокат спытала у журналісткі, навошта “Брэсцкай газеце” гэты графік. Пачуўшы, што выданне хоча апублікаваць яго, старшыня выбаркама адказала, што камісія не абавязана прадастаўляць графік сустрэч кандыдатаў. Паводле слоў Ірыны Мокат, графік надрукуюць, а дзе — вырашыць камісія.

“Мы абавязаны даваць [графік] ў мясцовую газету. Вы не з'яўляецеся мясцовай газетай”, — патлумачыла сваё рашэнне старшыня камісіі.

Як адзначыў ў каментары Службе маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка, артыкул 13 Выбарчага кодэкса замацоўвае прынцып галоснасці. Такім чынам, падрыхтоўка і правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна, а адпаведныя камісіі, мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы інфармуюць грамадзян пра сваю працу па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

“Паводле закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, у сувязі з ажыццяўленнем прафесiйных абавязкаў журналiст СМІ мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, а таксама распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці. Да інфармацыі абмежаванага доступу запытаны графік сустрэч кандыдатаў у дэпутаты не адносіцца”, — распавёў Павел Сапелка.

Паводе меркавання эксперта, праігнараваўшы гэтыя прынцыпы і правілы, старшыня Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі парушыла правы СМІ і выбаршчыкаў.

Павел Сапелка таксама заўважыў, што ў пастанове Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 15 лiстапада 2017 года №39 “Аб інфармаванні грамадзян аб рабоце па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання” ў якасці СМІ, якія абавязаны друкаваць інфармацыю пра выбары, пазначаны газеты, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя камітэты — “мясцовыя газеты”.

“Аднак гэтая пастанова не абмяжоўвае правоў іншых СМІ на распаўсюд той жа інфармацыі, — лічыць эксперт. — Проста іншыя СМІ (не “мясцовыя газеты” — у вызначэнні ЦВК), гэта рабіць не абавязаныя”.