876

“Ганцавіцкі час” пазбаўляюць магчымасці распаўсюду праз гандлёвую сетку “Еўраопт”

11.04.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” атрымала ліст за подпісам намесніка дырэктара філіяла ТАА “Еўрагандаль” у Брэсце Е. Дробыш, дзе паведамляецца, што кампанія будзе скарачаць рэалізацыю друкаваных выданняў у рознічнай сетцы.

Ганцавіцкі час

Паводле гэтага ліста, рэалізацыя друкаваных выданняў будзе адбывацца ў крамах, пачынаючы з фармату “супермаркет”. Такім чынам, продаж газет будзе спынены ў дзвюх крамах “Еўраопт”, якія знаходзяцца ў Ганцавічах, “у адпаведнасці з распрацаванымі і зацверджанымі асартыментнымі пералікамі”.    

Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі здзіўлены такім падыходам з боку прадстаўнікоў гандлёвай сеткі.

“У свой час менавіта наша выданне шмат што рабіла, каб дамагчыся ў раёне развіцця канкурэнцыі ў гандлёвай сферы, бо гэтаму заміналі дзеянні мясцовай улады, - распавёў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Пётр Гузаеўскі. — Тады мы ладзілі апытанні сярод сваіх чытачоў, рыхтавалі іншыя журналісцкія матэрыялы, і гэта паспрыяла таму, каб у Ганцавічах нарэшце з’явіліся крамы буйных гандлёвых сетак”. 

Пётр Гузаеўскі заўважае, што праз гандлёвую сетку “Еўраопт” распаўсюджваецца невялікая колькасць асобнікаў газеты, а ўмовы супрацоўніцтва не з’яўляюцца для выдання цалкам прымальнымі. “Аднак вельмі сумна, атрымаць зараз такую “падзяку” ад прадстаўнікоў бізнесу, якому дапамаглі пачаць сваю працу ў нашым рэгіёне”.