322

Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” абскарджвае ператрусы і адабранне камп’ютара ў Генеральную пракуратуру

19.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пётр Гузаеўскі, які таксама з’яўляецца галоўным рэдактарам сайта “Першы Рэгіён” лічыць незаконным правядзенне ператрусу ў рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час” і яго асабістай кватэры.

Ператрус у рэдакцыі незалежнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” і ў жыллі Пятра Гузаеўскага адбыўся 29 снежня паводле санкцыі пракурора Драгічынскага раёна Васіля Дзяшко. У пастанове за яго подпісам паведамлялася, што гэта звязана з крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да драгічынскага карэспандэнта “Першага Рэгіёна” Сяргея Гардзіевіча. У выніку з кватэры Гузаеўскага міліцыянты забралі яго асабісты ноўтбук — нібыта для правядзення экспертызы.

У сваёй скарзе ў Генеральную пракуратуру Пётр Гузаеўскі звяртае ўвагу, што падчас ператрусу супрацоўнікі міліцыі праігнаравалі просьбу паведаміць, што менавіта шукаюць у рэдакцыі і ў яго кватэры. Ён просіць правесці пракурорскую праверку і даць матываваны пісьмовы адказ, а таксама скласці акт пракурорскага рэагавання на вяртанне ноўтбука ў самы сціслы тэрмін.

У пратаколе ператрусу галоўны рэдактар зрабіў запіс пра незаконнасць яго правядзення. Гузаеўскі адзначае, што згодна з арт. 208 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь падставай для правядзення ператрусу з'яўляецца “наяўнасць дастатковых дадзеных меркаваць, што ў якім-небудзь памяшканні ці іншым месцы альбо ў якой-небудзь асобы знаходзяцца прылады і сродкі здзяйснення злачынства, прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы”.

Пётр Гузаеўскі кажа, што не разумее, якім сведкам ён наогул можа быць па справе, калі нават не бачыў спрэчнага паведамлення ў Viber-чаце, за распаўсюд якога зараз абвінавачваюць Сяргея Гардзіевіча. Тым больш, што Гардзіевіч жыве і працуе ў Драгічыне, а не ў Ганцавічах.

“Пракурор Драгічынскага раёна Васіль Дзяшко па тэлефоне мне адказаў, што санкцыя выдадзена ім з мэтай выявіць забароненыя прадметы, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы. З такой логікі вынікае, што калі крадзеж зробіць любы работнік прадпрыемства, дык пракурор можа выдаваць санкцыі на ператрус у дырэктара толькі таму, што яны працуюць на адным прадпрыемстве”, — піша ў сваёй скарзе галоўны рэдактар “ГЧ”.

"Факт правядзення ператрусу ганьбіць маё добрае імя ў вачах тысяч жыхароў Ганцавіцкага раёна, якія мяне ведаюць выключна са станоўчага боку. А таксама шкодзіць дзелавой рэпутацыі нашага медыяпрадпрыемства і падрывае давер да газеты “Ганцавіцкі час”, якая на працягу 19 гадоў працуе дзеля разнастайнага інфармавання грамадзян пра падзеі, што адбываюцца навокал”, — зазначае Пётр Гузаеўскі.

У дадзеным выпадку, паводле яго слоў, складваецца негатыўнае меркаванне, што службовыя асобы, якія маюць ўладныя паўнамоцтвы, выйшлі за рамкі працэсуальных нормаў. “На мой погляд, яны ажыццяўляюць свае дзеянні не на падставе закона, а кіруючыся нейкімі іншымі матывамі і пераследуючы мэты, якія не спрыяюць усталяванню законнасці і справядлівасці”, — адзначае галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу”.

Пасля ператрусу ў кватэры Пятра Гузаеўскага і ў рэдакцыі “Ганцавіцкага часу”, ператрусы адбыліся ў рэдактара сайта "Першы Рэгіён" Паўла Дайліда у Івацэвічах і супрацоўніцы рэкламнага аддзела Вольгі Грыцкевіч у Ганцавічах. Падставай для следчых дзеянняў таксама была названая справа драгічынскага журналіста Сяргея Гардзіевіча, якога абвінавачваюць зараз у “абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Сайт "Першы Рэгіён" — прыватнае медыя. Працуе для шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці: Івацэвічаў, Бярозы, Пінска, Ганцавіч, Драгічына.

Газеце "Ганцавіцкі час" 19 гадоў. Яна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі, належыць кампаніі "Медыя-Ганцавічы", якая заснавала і сайт "Першы Рэгіён".

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!