НЕ - ВАЙНЕ!
791

Галоўны рэдактар 6tv.by Зміцер Салаўёў: Мы будзем працягваць працу, нягледзячы на рэпрэсіі

01.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З магілёўскага ізалятара часовага ўтрымання 30 верасня пасля адбыцця 7 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю галоўны рэдактар інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Зміцер Салаўёў.

Міліцыянты затрымалі Салаўёва раніцай 23 верасня наўпрост у яго кватэры, даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Сёння пасля вызвалення Зміцер пацвердзіў, што яго больш за суткі трымалі ў так званай “малпоўні” Ленінскага РАУС, дзе знаходзілася шэсць чалавек. Арыштанты вымушаныя былі спаць на падлозе, увесь гэты час яны знаходзіліся без ежы.

У ізалятар журналіста даставілі толькі на наступны дзень, 24 верасня, каля 16:00.

Суддзя Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвінава 25 жніўня на падставе міліцэйскага пратакола прызнала Змітра Салаўёва ўдзельнікам пратэсту і пакарала 7 суткамі адміністрацыйнага арышту паводле арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Журналісту інкрымінавалі тое, што ён нібыта актыўна ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі ў Магілёве 6 верасня, выкрыкваў лозунгі і г. д.

У якасці доказу ў суд быў пададзены запіс міліцэйскіх відэаздымкаў вулічнай акцыі. На ім бачна, што Салаўёў сапраўды прысутнічаў на акцыі, але менавіта ў якасці журналіста — назіраў, рабіў здымкі акцыі, ніякім чынам у ёй не ўдзельнічаў і не выкрыкваў ніякіх лозунгаў. Аднак на рашэнне суддзі гэта ніколькі не паўплывала.

Па словах журналіста, супрацоўнікі ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама  ставіліся да затрыманых карэктна. Пэўны час Салаўёву давялося сядзець у адной камеры з журналістам Уладзімірам Лапцэвічам, які быў затрыманы 27 верасня.

“Да супрацоўнікаў ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама ў мяне прэтэнзій няма, яны дзейнічалі ў адпаведнасці са службовай інструкцыяй. А вось супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ў дачыненні да затрыманых дапускалі шматлікія парушэнні. Я ўжо накіраваў скаргу на іх дзеянні, і абавязкова буду падаваць яшчэ”, — адзначыў Зміцер Салаўёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Па словах Салаўёва, журналісты “Магілёўскага рэгіёна” знаходзяцца пад пільнай увагай з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і мясцовых уладаў ужо на працягу некалькіх месяцаў. Першыя арышты журналістаў інфармацыйнага партала адбыліся сёлета яшчэ ў маі, і з таго часу ціск толькі ўзрастаў.

Зараз пад пагрозай арышту знаходзяцца адразу некалькі журналістаў 6tv.by, а Уладзіміра Лапцэвіча 30 верасня “пасадзілі” на 13 сутак.

“Мы будзем працягваць працу, нягледзячы на рэпрэсіі. Магчыма крыху зменім фармат падрыхтоўкі матэрыялаў з пратэстных акцый, бо нашых журналістаў там пачалі затрымліваць ужо нават да іх пачатку”, — кажа  Салаўёў.

Нагадаем, што Змітра Салаўёва ўжо затрымлівалі 8 жніўня, напярэдані прэзідэнцкіх выбараў. 11 жніўня наўпрост у памяшканні ізалятара суд у закрытым рэжыме пакараў журналіста 8 суткамі арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Увесь тэрмін папярэдняга зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!