133 0

Галоўнаму рэдактару газеты “Борисовские новости” адмовілі ў разглядзе скаргі ў Мінскім абласным судзе

19.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік старшыні Мінскага абласнога суда Генадзь Кляшчонак, атрымаўшы скаргу Анатоля Букаса на пастанову суда Барысаўскага раёну, адмовіў у яе разглядзе. Прычына — прапушчаны тэрмін абскарджання.

Нагадаем, што 14 снежня 2017 г. А. Букас падаў скаргу на пастанову суда Барысаўскага раёна па справе аб адміністратыўным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”) ад 1 снежня 2017 г., згодна з якой ён быў аштрафаваны на 15 базавых велічыняў.

У пастанове суддзі Мінскага абласнога суда Г. Кляшчонка адзначана, што згодна з ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь скарга на пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэнні можа быць пададзена цягам дзесяці дзён ад дня аб’яўлення пастановы. Г. Кляшчонак адзначае, што А. Букас прысутнічаў на судовым паседжанні 1 снежня 2017 г. пры аб’яўленні суддзёй Я. Манышэвым пастановы па справе.

Пададзеная А. Букасам 14 снежня 2017 г. скарга выходзіць за межы дзесяцідзённага тэрміну, прадугледжанага законам для абскарджання. Суддзя абласнога суда вырашыў, што пропуск тэрміну абскарджання і адсутнасць хадайніцтва заяўніка аб аднаўленні прапушчанага тэрміну з’яўляецца падставай для звароту скаргі. Пры гэтым у пастанове Г. Кляшчонка ад 5 студзеня 2018 г. заяўніку тлумачыцца права на падставе арт. 12.5 ПВКаАП не пазней 24 студзеня 2018 г. звярнуцца ў Мінскі абласны суд з хадайніцтвам аб аднаўленні прапушчанага тэрміну.

А. Букас тлумачыць, што пасля падачы скаргі 14 снежня 2017 г. на пастанову суддзі Я. Манышэва ён атрымаў тэлефанаванне з суду Барысаўскага раёну з патрабаваннем напісаць заяву аб аднаўленні тэрміну абскарджання. Дадзенае патрабаванне А. Букас палічыў незаконным, таму падаў на наступны дзень 15 снежня адмысловую заяву аб незаконнасці патрабаванняў суддзі. Галоўны рэдактар спаслаўся на норму, замацаваную ў ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП: пры паступленні заявы аб вырабу матываванай часткі пастановы скарга можа быць пададзена асобай, якая звярнулася з такой заявай, цягам дзесяці сутак ад дня атрымання копіі матываванай часткі пастановы. Па заяве А. Букаса копія матываванай часткі была ім атрыманая 6 снежня 2017 г. Адпаведна, лічыць галоўны рэдактар, тэрмін абскарджання пастановы павінны лічыцца ад 7 снежня. Таму, згодна з законам падача ім скаргі 14 снежня 2017 г. была зроблена своечасова. А. Букас адзначае, што ў матэрыялах справы, якую яму вярнулі з Мінскага абласнога суда, няма пісьмовай заявы, пададзенай ім 15 снежня, аб незаконнасці патрабаванняў суддзі скласці хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну абскарджання пастановы.

Тым не менш, Анатоль Букас збіраецца паўторна падаць скаргу ў Мінскі абласны суд да ўказанага Г. Кляшчонкам тэрміну з тлумачэннямі па справе.

Каментары