209

Галоўнага рэдактара “Вольнага горада” ўвечары 25 сакавіка выклікалі ў міліцыю

26.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Галоўнага рэдактара крычаўскай маланакладнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага ўвечары 25 сакавіка тэрмінова выклікалі ў мясцовы аддзел міліцыі. Там журналіста ў чарговы раз папярэдзілі пра недапушчальнасць удзелу ў “супрацьпраўнай дзейнасці”.

Каля 17:00 на кватэру Сяргея Няроўнага завітаў капітан міліцыі Аляксей Канашэнка і пад подпіс уручыў журналісту позву. У дакуменце паведамлялася, што ўжо праз гадзіну — а 18:00 — Няроўны павінен з’явіцца ў Крычаўскі РАУС да капітана Ільіна ў якасці сведкі. Па якой справе выклікаюць, капітан Канашэнка патлумачыць не здолеў.

Калі Няроўны прыйшоў у Крычаўскі РАУС, там пэўны час таксама не маглі патлумачыць, па якой жа справе і да каго павінен пайсці журналіст. Нарэшце прыйшоў капітан Ільін, які нібыта і выклікаў Няроўнага ў міліцыю, і паабяцаў схадзіць да начальніка РАУС, каб удакладніць, куды журналісту трэба прайсці.

Пасля гэтага да Няроўнага спусціўся намеснік начальніка, падпалкоўнік міліцыі Генадзь Андрэйчыкаў і запрасіў журналіста да сябе ў кабінет. Там высветлілася, што рэдактару “Вольнага горада” хочуць вынесці чарговае пісьмовае папярэджанне, ужо чацвёртае па ліку.

Падпалкоўнік Андрэйчыкаў патлумачыў, што папярэджанне выносіцца таму, што змяніўся КаАП, і змяніліся санкцыі паводле яго артыкулаў. Таму ён вымушаны вынесці Няроўнаму афіцыйнае папярэджанне.

Паводле слоў Няроўнага, ён выказаў міліцэйскаму начальніку сваё абурэнне перадузятым стаўленнем з боку праваахоўных органаў. Журналіст адзначыў, што яму выносяць ўжо чацвёртае пісьмовае папярэджанне (да таго ж было яшчэ адно вуснае) пры тым, што супрацоўнікі праваахоўных органаў ніколі не фіксавалі парушэнняў грамадскага парадку з яго боку.

Сяргей Няроўны падпісаў папярэджанне, пазначыўшы ў дакуменце, што ён з ім катэгарычна нязгодны, бо ніякім чынам не парушаў заканадаўства. Пасля гэтага журналіста адпусцілі.

Няроўны мяркуе, што выклік у Крычаўскі РАУС увечары 25 сакавіка, — чарговая акцыя запалохвання з боку мясцовай міліцыі. Пры гэтым галоўны рэдактар “Вольнага горада” адзначае, што супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!