364

Галоўнага рэдактара «Сильных новостей» Ганну Якштас аштрафавалі нібыта за ўдзел у мітынгу

06.10.2020 Крыніца: gomel.today

Суд Савецкага раёна Гомеля пакараў галоўную рэдактарку інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганну Якштас адміністрацыйным штрафам на 540 рублёў. Суддзя Аліна Кошкіна прызнала журналістку вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Падтрыманая версія міліцэйскага пратакола, у якім пазначана, што

Ганна "выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста, незаконна выкарыстоўваючы бэйдж і камізэльку “Прэса”, прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці".

Прысутны ў судовай зале Ігар Краўчанка паведаміў, што разгляд адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні Ганны праходзіў падобным чынам і з такімі ж абвінавачаннямі, як і ўчорашні суд па справе яе мужа Дзяніса Якштаса, пакаранага ў выніку 15-суткавым арыштам.

Маўляў, рэдактарка не мае права займацца журналісцкай дзейнасцю без акрэдытацыі. А дзе і хто мусіць даваць тую акрэдытацыю для супрацоўнікаў беларускіх СМІ суд не называе. Між тым, акрэдытацыя для нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў не патрабуецца.

Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса міліцыя прэвентыўна затрымала 3 кастрычніка. У іх дома правялі ператрус, забралі прыватныя камп’ютарную тэхніку. Да суда іх змясцілі ў ізалятар — нягледзячы на тое, што ў сям'і гадуецца двое непаўнагадовых дзяцей.

На падставе пастановы пракурора 5 кастрычніка праводзіўся дагляд працоўнага месца Ганны Якштас у рэдакцыі "Сильных новостей". У выніку яго міліцыя і АМАП забралі ўсю офісную камп’ютарную тэхніку і тэлефоны.

У ізалятары чакае суда і карэспандэнтка "Сильных новостей" Надзея Пужынская, затрыманая 4 кастрычніка нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту, дзе яна таксама выконвала прафесійныя абавязкі журналіста.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!