886

Галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча аштрафавалі на 15 базавых за ўдзел у акцыі пратэсту

28.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Заводскага раёна Мінска разгледзелі  адміністрацыйную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

 

Марціновіч расказаў, што падчас трохдзённага ўтрымання пад вартай з 23 да 26 верасня да яго прыходзіў аператыўнік з МУС, якога цікавіла, ці не хацеў бы ён выехаць за мяжу як Ціханоўская? Тое самае пытанне яму задаваў чалавек, з якім Марціновіча пасадзілі ў адну камеру ЦІП.

Сёння ж у судзе Заводскага раёна Мінска пачынаецца разгляд адміністрацыйнай справы супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыяванай акцыі пратэсту.  Меркавана, гэта тычыцца інцыдэнту ў жніўні: уначы з 10 на 11 жніўня Ягора Марціновіча амапаўцы выцягнулі з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РУУС, а пасля перавезлі ў жодзінскую турму. Агулам ён тады правёў за кратамі паўтара сутак. Ягор тады ехаў забіраць сваю жонку, журналістку Tut.by Адар'ю Гуштын, што працавала цэлы вечар каля метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сутычак і дэманстрацый у момант затрымання ўжо не было.

Асобы з аўтаматамі, якія затрымлівалі, праігнаравалі журналісцкае пасведчанне Марціновіча.

Машына засталася стаяць на праезнай частцы з адкрытымі дзвярыма. Выпадкова аўтамабіліст пабачыў яе, спыніўся і адбуксіраваў у суседні двор. Там яна прастаяла не замкнёнай амаль два дні. Нічога пры гэтым з яе не прапала.

Больш за 36 гадзін на сям'я, ні калегі не ведалі, што здарылася з Марціновічам. Урэшце 12 жніўня ён знайшоўся ў ізалятары Жодзіна і яго адпусцілі. Яму сказалі, што яго адпускаюць па рашэнні міністра ўнутраных спраў Караева. Аўтамабілем МУС яго даставілі з Жодзіна ў Мінск.

Інтарэсы Ягора Марціновіча ў судзе прадстаўляе адвакат Сяргей Зікрацкі.

Разглядае адміністрацыйную справу суддзя Алена Някрасава.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ўначы з 10 на 11 жніўня. Суд аштрафаваў яго на 15 базавых велічынь па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП.

12:20

«Я па-ранейшаму катэгарычна не згодны з пратаколам, складзеным на мяне. Я не адказваю за натоўп, і СМІ неяк. Тое што гэты пратакол усплыў — сведчанне палітычнага ціску супраць мяне», — заявіў Ягор Марціновіч перад тым, як суддзя выйшла для прыняцця рашэння.

12:13

Пасля хутка вывучылі матэрыялы справы: зачыталі рапарт лейтэнанта Аляксандра Бумая («грамадзянін выкрыкваў лозунгі» і г.д).

Адвакат Сяргей Зікрацкі папрасіў, каб суд запатрабаваў у мабільнага аператара дадзеныя аб знаходжанні абанента Марціновіча ў ноч на 11 жніўня.

Суддзя Алена Някрасава адхіліла хадайніцтва: суду дастаткова для рашэння і таго, што ёсць.

12:08

Затым выслухалі Канстанціна Савеню — «сведку адміністратыўнага правапарушэння».

«Мы супраць таго, каб ён выступаў па скайпе», — адзначыў адвакат Сяргей Зікрацкі. Але суддзя хадайніцтва адхіліла.

З Савеням звязаліся па відэасувязі, ён адказваў проста з машыны.

Савеня распавёў, што ён — участковы. Нібыта ноччу 11 жніўня паступіла інфармацыя пра несанкцыянаванае шэсце. Людзі крычалі «Жыве Беларусь» і пляскалі ў далоні.

«Колькі людзей было?» — спытала суддзя.

«Не магу адказаць. Вялікая колькасць», — адказаў Савеня.

Па яго словах, пасля папярэджання затрымалі самых актыўных. Ён сам у затрыманнях не ўдзельнічаў. Ці пазнае Марціновіча, адказаць не змог.

«Твар знаёмы, але так не ўзгадаю», — сказаў Савеня.

«Чаму вы ў машыне, але не можаце прыехаць у суд?», — спытаў яго Марціновіч.

Пытанне зняла суддзя Някрасава.

«Пры якіх абставінах затрымалі канкрэтна мяне?», — спытаў Ягор Марціновіч.

«Не магу адказаць».

«У якой вопратцы я быў?».

«Не магу адказаць, месяц прайшоў».

«Канкрэтна мяне папярэджвалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае?»

«Папярэджвалі ўсіх у масе».

«Як я рэагаваў на папярэджванні?»

«Я не памятаю. Калі вас затрымалі, значыць вы не адрэагавалі на папярэджанне», — адказаў участковы Савеня.

«Вы ў паказаннях сцвярджаеце, што я затрыманы быў у 3:05. Як вы патлумачыце, што СМІ паведамілі, што я затрыманы ў 2:09?» - спытаў Марціновіч.

«Калі ў пратаколе 3:05, значыць было ў 3:05. Што напісана, я тое і падтрымліваю», — сказаў Савеня.

«Апішыце будынкі, каля якіх мяне затрымлівалі?» — папрасіў Марціновіч.

«Я не бачыў, як вас затрымлівалі», — сказаў Савеня.

Пасля яшчэ шэраг пытанняў задаў адвакат Зікрацкі, Савеня адказваў агульна, маўляў, дэталяў не памятаю, шмат часу прайшло.

«А ці дапускаеце вы, што я быў там, але маўчаў?» — задаў апошняе пытанне Марціновіч.

«Не, не дапускаю, — адказаў Савеня. — Тыя, хто маўчаў, узялі і сышлі».

11:19

Выступіў сведкам і журналіст Зміцер Панкавец. Марціновіч забіраў яго ля «Рыгі» ў тую ноч, пасля праехаліся па горадзе і Панкавец выйшаў на Кальварыйскай.

Ён падкрэсліў: пакуль ноччу ён быў побач з Ягорам, той выконваў свае прафесійныя абавязкі, у акцыях не ўдзельнічаў.

11:12

Ягор Марціновіч адзначыў: «У матэрыялах справы няма пратакола майго надгляду, гэта сведчыць пра тое, што дакументы не запаўняліся належным чынам і без маёй прысутнасці, мне не давалі з імі азнаёміцца». Ён пахадайнічаў, каб дадаць гэта да справы.

Таксама заслухалі і паказанні сведкаў. Журналістка Настасся Роўда распавяла, што чакала Марціновіча, але ён так і не даехаў:

«Ад Ягора прыйшла смс «sos», пасля ўсе званкі скідвалі. Стала зразумела, што яго затрымалі».

На момант, пазначаны ў пратаколе затрымання Марціновіча, людзі ўжо разышліся і не было ні пратэстаў, ні акцый, адзначыла Роўда.

Наступны сведка — Яўген Палуяновіч, мужчына, які знайшоў аўто Марціновіча. Машына стаяла кінутай на выездзе з двара, вокны адкрытыя, распавёў сведка.

Ён кажа, што пустую машыну ўбачыў у 2.30. Паводле пратакола, Ягор з 2:45 па 3:05 бадзяўся па праспекце Пушкіна, выкрыкваючы лозунгі, але Палуяновіч адзначыў: ніякіх шэсцяў ці акцый у той час не праходзіла.

10:40

Пасля вазілі на Акрэсціна, але яно было перапоўненае. У выніку даставілі ў РУУС Заводскага раёна. Там з дапамогай удараў і дубінак усіх затрыманых паклалі проста ў двары на зямлю.

«Ляжалі доўга, па адчуваннях каля 9 гадзін», кажа Ягор.

Невядомыя сілавікі апытвалі анкетныя дадзеныя, праўда, пасля ў пратаколе былі памылкі і несупадзенні. Марціновіч адзначыў у ім, што не згодзен з абвінавачваннямі пра ўдзел у мітынгу і выкрыках «Жыве Беларусь».

Пасля яго перавезлі ў Жодзіна. Там 12 жніўня яго нарэшце адшукалі і нейкі супрацоўнік МУС Артур адвёз яго ў Мінск, дзе высадзіў ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў і паведаміў, што Марціновіча вызваляюць «іменем Рэспублікі Беларусь» і па асабістым загадзе Караева.

«Калі я расказваў пра затрыманне і вызваленне калегам на дыктафон, падышла Вольга Чамаданава. Яна папрасіла мяне маўчаць і не паведамляць у СМІ акалічнасці затрымання. Тады, маўляў, дакументы аб справе нікуды не пойдуць далей. Я адказаў, што гэта немагчыма.

Гэтая размова трапіла на запіс, ёсць аўдыя».

10:26

Марціновіч патлумачыў суддзі, што ўвечары 10 жніўня перамяшчаўся на аўтамабілі, а не пехатою. Большасць вечара Ягор увогуле правёў у бальніцы, куды шпіталізавалі журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую. Пасля 23-й гадзіны ён пад’ехаў да ўніверсама Рыга, забраў там калегу Змітра Панкаўца, затым высадзіў яго на Кальварыйскай і паехаў на Пушкінскую, каб сустрэць там сваю жонку журналістку Адар’ю Гуштын і журналістку «НН» Настассю Роўду.

«Каля станцыі метро Пушкінская стаяла шмат сілавікоў са зброяй, адзін паказаў, каб я звярнуў у дваравы праезд. Там быў імправізаваны блокпост, ужо іншыя сілавікі даглядзелі багажнік і здымкі на мабільным, паведамілі ехаць далей, — распавёў Марціновіч. — У дваравым праездзе на Пушкіна аўтаматчык падыйшоў, загадаў выйсці з машыны. Я паказаў журналісцкае пасведчанне, адказ быў: «Тады цябе тым больш трэба затрымаць».

Ягор падкрэсліў: у той момант акцый ці шэсцяў вакол не праходзіла.

10:13

Суддзя зачытала пратакол затрымання:

11 жніўня глыбокай ноччу Марціновіч нібыта ўдзельнічаў у незаконным шэсці, выкрыкваў «Жыве Беларусь», патрабаваў змены ўлады і пляскаў у далоні.

Ягор Марціновіч не пагадзіўся і адзначыў, што ў той дзень і час яго ўвогуле там не было.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!