796

Галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” “пасадзілі” на сем сутак

25.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў 7 суткамі адміністрацыйнага арышту галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва па абвінавачанні за парушэнне ч. 1 арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).

Разглядала адміністрацыйную справу журналіста суддзя Алена Літвіна. Працэс праходзіў праз Skype, сам Зміцер Салаўёў знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Яму інкрымінавалі тое, што ён, нібыта, актыўна ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі ў Магілёве 6 верасня, выкрыкваў лозунгі і г. д.

Падчас разгляду матэрыялаў справы высветлілася, што гэтыя абвінавачанні з боку супрацоўнікаў міліцыі не адпавядаюць рэчаіснасці. Прагляд аператыўнай відэаздымкі пацвердзіў, што Салаўёў сапраўды прысутнічаў на акцыі, але менавіта ў якасці журналіста — здымаў відэа ходу акцыі, ніякім чынам у ёй не ўдзельнічаючы, і не выкрыкваў ніякіх лозунгаў.

Сам Салаўёў таксама заявіў, што прысутнічаў на акцыі менавіта як журналіст, асвятляючы яе для 6tv.by. Адміністрацыйны пераслед нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ён расцаніў, як ціск з боку праваахоўных органаў і забарону на прафесію.

Нягледзячы на пераканаўчыя аргументы Змітра, фактычна пацверджаныя матэрыяламі адміністрацыйнай справы, суддзя Алена Літвіна прыняла рашэння пакараць яго 7 суткамі арышту.

Таксама падчас працэсу высветлілася, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС больш за суткі трымалі Салаўёва ў памяшканні райаддзела ў так званай “малпоўні”, што можна прыраўняць да катаванняў. Журналіст быў затрыманы каля 11:30 раніцы 23 верасня, у РАУС яго даставілі прыкладна ў 12:00. Там ён знаходзіўся без ежы больш за суткі, бо ў ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама яго даставілі толькі на наступны дзень, 24 верасня, каля 16:00.

Пры гэтым супрацоўнікі Ленінскага РАУС у адказ на запыты жонкі і калег журналіста сцвярджалі, што Салаўёва ў райаддзеле міліцыі няма.

Нагадаем, што Змітра Салаўёва ўжо затрымлівалі 8 жніўня, напярэдані прэзідэнцкіх выбараў. 11 жніўня наўпрост у памяшканні ізалятара суд у закрытым рэжыме пакараў журналіста 8 суткамі арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Увесь тэрмін зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!