1064

Галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” выклікаюць у міліцыю

05.04.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Позву з’явіцца ў слонімскую міліцыю 7 красавіка ў 15.00 галоўнаму рэдактару “Газеты Слонімскай” Міколу Канановічу ўручыў дома пад подпіс участковы інспектар Слонімскага РАУС маёр міліцыі А. А. Гусар напярэдадні ўдзень.

У позве не сказана, у якасці каго і па якой справе спадара Канановіча выклікаюць у міліцыю.

Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Мікола Канановіч, вусна ўчастковы Гусар сказаў яму, што размова будзе тычыцца камп’ютарнай тэхнікі рэдакцыі “ГС”, забранай міліцыяй раней на праверку, а таксама яго цяперашняй пасады ў “Газеце Слонімскай”. Участковы таксама папрасіў Канановіча захапіць з сабой працоўную кніжку альбо загад аб прызначэнні яго на пасаду галоўнага рэдактара. 

Нагадаем, з 9 лістапада 2020 года “Газета Слонімскай” вымушана прыпыніла свой выхад на паўгода. Здарылася гэта пасля таго, як з рэдакцыі, а таксама з кватэры выдаўца Ганны Валадашчук і яе сына, дырэктара прадпрыемства Яўгена Валадашчука была забраная ўся камп’ютарная тэхніка. 

Камп’ютары толькі нядаўна вярнулі пасля праверкі ў рэдакцыю. Выдавец і дырэктар ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” знаходзяцца пакуль за мяжой.

На пасаду галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч быў прызначаны 1 лютага 2020 года. Да гэтага ён больш як паўгода выконваў абавязкі галоўнага рэдактара падчас хваробы і пасля смерці заснавальніка “Газеты Слонімскай” Віктара Валадашчука.

У штаце рэдакцыі “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч працуе з восені 1998 года.

Карэспандэнту “Газеты Слонімскай” Язэпу Палубятку вярнулі ў міліцыі забраную раней тэхніку

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!