772

Галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» «тэрарызуюць» камуністы

05.10.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Першы сакратар бабруйскай гарадской арганізацыі ПКБ просіць у галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» Анатоля Санаценка выдаліць з сайта апублікаваныя матэрыялы і выбачыцца перад бабруйчанамі.

У сярэдзіне жніўня кіраўнік «Бобруйского курьера» ​​атрымаў на свой хатні адрас ліст ад чытача яго выдання, падпісаны толькі на канверце — у выглядзе прынтараўскай раздрукоўкі адраса, прозвішча й імя адрасата. У лісце — «крыўда» на тое, што на сайце «Бобруский курьер» Анатоль Санаценка размясціў «артыкул» «Ленін — у Бабруйску», «у якім у сатырычнай форме апісваюцца помнікі  У. І. Леніну горада Бабруйска, іх колькасць і стан».

А ў іншым «артыкуле» — «Бабруйск і яго жЫвёлы, або Неверагодныя прыгоды Вацлава Прынцыпу ў краіне, дзе перамог ідыятызм» — галоўны рэдактар ​​нібыта «аблівае брудам» увесь горад Бабруйск і яго жыхароў. «Я лічу, што недапушчальна ў такой форме апісваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе», — піша аўтар ліста Артур Васільевіч Селязнёў.

Ліст прыйшоў на хатні адрас журналіста, ён не быў аформлены ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян, але кіраўнік незалежнага выдання ўсё ж вырашыў адказаць на яго. Свой адказ ён адправіў заказным лістом.

Прайшоў месяц — і пошта вярнула ліст як незапатрабаваны. Гэта значыць, ніхто не прыйшоў за ім на пошту —   нягледзячы на ​​шматразовыя паведамленні. Гісторыя на гэтым не скончылася, бо праз два дні Анатоль Санаценка атрымаў на свой хатні адрас яшчэ адно пасланне (таксама з паведамленнем) — з практычна аналагічным тэкстам.

Толькі ўжо — ад Юрыя Васілені, першага сакратара Бабруйскай гарадской арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, як значыцца на сайце Бабруйскага гарвыканкама. У гэтым лісце ўжо ўтрымліваецца прамая спасылка на закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў». А уверсе —  пазнака: «Паўторнае». «Паўторнае» — хоць першае пасланне было падпісана зусім іншым чалавекам; але, мабыць — таксама з ПКБ. У ім прадубляваная тая ж «просьба»: зняць «артыкулы» і папрасіць прабачэння.

— Складваецца пацешная сітуацыя: мне пішуць лісты, а вось адказы на іх атрымліваць не хочуць. — Давядзецца — раз ужо пайшла такая перапіска — зноў пісаць на пазначаны на канверце адрас. Пісаць — зноў з невядомым вынікам, — кажа Анатоль Санаценка.

Між тым тыя «артыкулы», на якія спасылаюцца аўтары пасланняў (ці — аўтар), на самай справе — раздзел сатырычнага рамана «Бабруйск і яго жЫвёлы, або Неверагодныя прыгоды Вацлава Прынцыпу ў краіне, дзе перамог ідыятызм». Гэта значыць — мастацкі твор. Пра што, зразумела, гаворыцца ў самім тэксце. І вось падобнымі «просьбамі» яго аўтары парушаюць маё права ня толькі як журналіста — на свабоду слова, але і як пісьменніка (Анатоль — сябра СБП) — на свабоду творчасці. Пра што я іх і праінфармаваў у сваім адказе... ».

А паміж тым 4-га кастрычніка галоўны рэдактар ​​«БК» атрымаў на хатні адрас ліст з аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Бабруйскага гарвыканкама — з просьбай да 06.10.2016 «даць матэрыялы па разглядзе Вамі звароту Васілені Ю.У.».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!