2301

ГА “БАЖ” звярнулася ў Генпракуратуру, упраўленне “К” і ААЦ з нагоды блакавання шэрагу сайтаў

23.12.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

22 снежня гэтым ведамствам накіравалі афіцыйныя лісты за подпісам старшыні ГА "БАЖ" Жанны Літвіной. Арганізацыя патрабуе разблакаваць сайты, высветліць і пакараць вінаватых у парушэнні шэрагу артыкулаў Канстытуцыі, Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў.

У звароце пералічваюцца сайты, якія ў апошнія дні падвергліся блакаванню: belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.

“Між тым, дзейнае заканадаўства РБ не дапускае абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. Такое абмежаванне парушае правы і законныя інтарэсы як уладальнікаў гэтых інфармацыйных рэсурсаў, так і права грамадзян РБ на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае арт.арт. 33,34 Канстытуцыі РБ”, – гаворыцца ў лісце.

ГА “БАЖ” звяртае ўвагу, што ўладальнікам інфармацыйных рэсурсаў belapan.com, belapan.by і naviny.by з’яўляецца ЗАТ «БелаПАН», зарэгістраванае ў РБ ў якасці інфармацыйнага агенцтва. Ніякіх папярэджанняў пра парушэнне заканадаўства яно не атрымлівала. “Абмежаванне доступу да сайтаў інфармацыйнага агенцтва парушае, акрамя права на распаўсюд інфармацыі, і камерцыйныя інтарэсы ЗАТ “БелаПАН”, а таксама яго падпісчыкаў (падпіска на інфармацыйныя, аналітычныя і мультымедыйныя матэрыялы БелаПАН ажыццяўляецца на платнай аснове).

Арганізацыя нагадвае, што, паводле арт. 7 закона “Аб СМІ”, незаконнае абмежаванне свабоды СМІ цягне за сабой адказнасць паводле арт. 22.9 КаАП ("Парушэнне заканадаўства аб СМІ") і арт. 198 КК РБ ("Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста").

“Акрамя таго, у дзеяннях асобаў па незаконным абмежаванні доступу да сайтаў на тэрыторыі Беларусі можна ўгледзець прыкметы складаў злачынстваў, прадугледжаных главой 31 КК (“Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі”) і арт. 232 КК (“Стварэнне перашкодаў законнай прадпрымальніцкай дзейнасці”).

У сувязі з гэтым арганізацыя заклікае Генеральную пракуратуру РБ, Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце тэрмінова ліквідаваць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, пацярпелых ад абмежавання доступу да сайтаў, правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.