НЕ - ВАЙНЕ!
2431

ГА “БАЖ” звярнулася ў амбасаду Турцыі з заклікам спыніць пераслед журналістаў

02.08.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

“Мы звяртаемся да вас, каб паведаміць пра нашыя сур'ёзныя апасенні, якія тычацца беспрэцэдэнтнага ціску на медыя ў Турцыі. Мы заклікаем ваш урад спыніць масавыя напады на журналістаў і медыя ў вашай краіне”, — гаворыцца ў звароце ГА «БАЖ» да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кезбан Нілваны Дарамы.

“Мы перакананыя, што надзвычайнае становішча не павінна быць выкарыстанае як апраўданне для масавых чыстак у медыя ды ў іншых сектарах грамадства. Цэнзура СМІ толькі за крытыку ўрада з'яўляецца незаконнай, нават у сітуацыі надзвычайнага становішча. Мы заклікаем улады Турцыі паважаць міжнародныя канвенцыі аб правах чалавека, правы прафсаюзаў і свабоду выказвання”, — адзначаецца ў заяве за подпісам старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца.

Нагадаем, «Міжнародная федэрацыя журналістаў» і «Еўрапейская федэрацыя журналістаў», сябрам якіх з'яўляецца і БАЖ, распаўсюдзілі заклік да ўладаў Турцыі аднавіць вяршэнства права.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ) Філіп Леру раней заявіў, што "ЕС павінен патрабаваць адказу ад прэзідэнта Эрдагана за парушэнне канвенцыі аб правах чалавека і наступ на прэсу. Журналісты па ўсім свеце моцна занепакоеныя ростам колькасці замахаў на прэсу ў краіне, якая называе сябе дэмакратычнай. Гэтая сітуацыя павінна спыніцца".

Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) Могенс Бліхер-Бьерэгард і генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гут'ерас заклікалі да дзеяння Савет Еўропы. Паводле інфармацыі ЕФЖ, былі выдадзеныя ордэры на арышт 42 журналістаў.

"Мы заклікаем НДА і міжнародную супольнасць націснуць на турэцкі ўрад, каб аднавіць вяршэнства права. Усё больш журналістаў сутыкаюцца з запалохваннем і арыштамі, і гэтая зачыстка павінна неадкладна спыніцца. Мы заяўляем аб нашай салідарнасці з турэцкімі калегамі", — заявіў прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер-Бьерэгард.

Напрыканцы ліпеня ўлады Турцыі зачынілі 16 тэлеканалаў, 23 радыёстанцыі, 45 газет, 15 часопісаў, 29 выдавецкіх дамоў і тры навінавыя агенцтвы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!