909

ГА “БАЖ” возьме ўдзел у канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні

19.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўляць арганізацыю на канферэнцыі АБСЕ будзе сябра Праўлення Жанна Літвіна.

Штогадовая канферэнцыя АБСЕ пройдзе з 19 па 30 верасня ў Варшаве. У рамках канферэнцыі запланавана 18 пленарных сесій, а таксама мерапрыемствы, якія даюць ўдзельнікам магчымасць абмеркаваць пытанні, што не былі цалкам ахопленыя падчас рабочых пасяджэнняў.

Таксама прадстаўнікі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", праваабарончых арганізацый: Асамблеі НДА, ПЦ "Вясна", Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава правядуць паралельнае мерапрыемства па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі.  

"БАЖ ужо два дзесяцігоддзі дзейсна бароніць свабоду выказвання ў нашай краіне. Таму ягоныя прадстаўнікі прысутнічаюць на ўсіх сапраўды важных міжнародных сустрэчах, на якіх ідзе гаворка пра сапраўднае становішча справаў у нашай краіне — і па лініі ААН, і на платформах іншых міжнародных арганізацыяў. Мы стаялі і будзем стаяць на варце асноўных свабодаў беларусаў - паўсюль там, дзе гэта магчыма. Важна, каб голас прадстаўнікоў нашай прафесіі быў гучным і моцным", — адзначае намеснік старшыні ГА "БАЖ" Міхась Янчук.

Сустрэча па разглядзе выканання абавязацельстваў усіх дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе штогадовай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі.

Арганізатар мерапрыемства Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ прадастаўляе платформу 57 дзяржавам-удзельніцам АБСЕ, партнёрам па супрацоўніцтве, структурам АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародным арганізацыям для падвядзення вынікаў выканання дзяржавамі абавязацельстваў АБСЕ па чалавечым вымярэнні, абмеркавання звязаных з гэтым праблем, абмену досведам і выпрацоўкі рэкамендацый па правядзенні далейшых паляпшэнняў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!