1903

Фрылансеру з Бярозаўкі вярнулі тэхніку

14.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

11 снежня 2015 года супрацоўнікі Следчага камітэта горада Ліды вярнулі бярозаўскаму фрылансеру Юрыю Дзяшуку ўсю тэхніку, забраную падчас ператрусу ў жніўні 2015 года. Яшчэ амаль месяц таму супрацоўнікі Следчага камітэта вярнулі маладзёну яго нэтбук, а 11 снежня дайшла чарга да прынтара.

Па словах Юрыя Дзяшука, падчас вяртання прынтара супрацоўнікі Следчага камітэта апыталі яго пра флэшмоб, які адбываўся 25 ліпеня ў Бярозаўцы.

У гэты дзень ля транспартнай прахадной шклозавода “Нёман” нехта склаў аўтамабільныя пакрышкі і раскідаў улёткі. Невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі.

Гэта было першае апытанне маладзёна па гэтай справе, хаця ў жніўні 2015 года ў сямі жыхароў Бярозаўкі дома адбыліся ператрусы.

У бліжэйшыя некалькі дзён у Следчы камітэт горада Ліды выклікалі на размову яшчэ некалькіх жыхароў Бярозаўкі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!