128 0

Фрылансераў з Глыбокага пакаралі вялікімі штрафамі за працу без акрэдытацыі МЗС

11.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Cуд Глыбоцкага раёна 11 чэрвеня пакараў журналістаў-фрылансераў Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача вялікімі штрафамі за працу без акрэдытацыі беларускага Міністэрства замежных спраў. Суддзя Людміла Вашчанка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні артыкула 35 Закона аб СМІ і прызначыла 45 базавых велічыняў штрафу Смоткінай і 35 базавых велічыняў Лупачу.

Журналістаў прыцягнулі да адказнасці паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Старшы інспектар па дазваляльнай працы Глыбоцкага РАУС, капітан міліцыі Сяргей Цырбан склаў на незалежную журналістку Таццяну Смоткіну аж чатыры пратаколы, на Змітра Лупача – два.

Падставай адміністрацыйнага пераследу сталі журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя на сайтах “Беларускага Радыё Рацыя” і незалежнага тэлеканала “Белсат” пад назвамі “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам”, “Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?”, “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, “Юбілейныя сімвалы” ў Глыбокім.

Усе тлумачэнні журналістаў суду пра права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі для кожнага грамадзяніна Беларусі да ўвагі прынятыя не былі.

Па словах журналістаў, артыкул 34 Канстытуцыі і Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах гарантуюць гэтае права. Але чамусьці і міліцыянты, і суддзі ігнаруюць галоўны дакумент краіны і довады журналістаў прапускаюць “міма вушэй”.

11 чэрвеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Змітра Лупача і ў Пастаўскім райсудзе, але там справу закрылі па прычыне сыйшошага тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Нагадаем,  сёлета за прафесійную дзейнасць Змітра Лупача судзілі ўжо сем разоў, Таццяну Смоткіну — двойчы.

Каментары