3686

Фрылансера Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у міліцыю – гэтым разам у Мазыр

02.03.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага выклікаюць 2 сакавіка ў Мазырскі РАУС дзеля складання адміністрацыйнага пратакола паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое нібыта выявілася ў вырабе сюжэту для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Старшы ўчастковы інспектар патлумачыў, што гаворка ідзе пра навінавы сюжэт “Мазыр: спіртзавод банкрутуе”, паказаны на “Белсаце” 9 лютага г.г.

–Я адмовіўся ехаць, бо ніхто выдаткі на дарогу мне не кампенсуе. Пры гэтым я нагадаў участковаму міліцыянту: калі прэзідэнт пару гадоў таму па тэлевізары загадаў вызваліць з Гомельскага СІЗА забойцаў з Жыткавіцкага раёна, дык іх бясплатна везлі дахаты з СІЗА, а затым, таксама бясплатна, вазілі з дома ў Гомель на пасяджэнні суда.  Чаму ў такім разе  я павінен ехаць за свае грошы ў Мазыр, каб там на мяне ж склалі  яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол? – разважае Кастусь Жукоўскі.

Пільную ўвагу да сваёй персоны з боку ўлады Жукоўскі лічыць мэтанакіраваным пераследам за актыўную грамадскую і журналісцкую дзейнасць:

–Магчыма, я зачапіў нейкім чынам мафіёзныя кланы, інтарэсы “сям'і”. У гэтай сувязі прашу міжнародную супольнасць звярнуць увагу менавіта на пераслед за фрылансерскую дзейнасць, паколькі ўнутры краіны справядлівасці я не знаходжу. На фоне адмены еўрапейскіх санкцый такія дзеянні беларускіх уладаў выглядаюць сапраўдным здзекам. Гэта палітычны пераслед. 

Сёлета за так званы “незаконны выраб прадукцыі СМІ” Кастуся Жукоўскага судзілі ў Калінкавічах, Карме, Буда-Кашалёве, Жлобіне. Летась – у Светлагорску,  Рэчыцы, Рагачове, двойчы ў Гомелі. Абвінавачанні ў міліцэйскім пратаколах стандартныя: не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, незаконна праводзіў апытанне і відэаздымкі, якія былі паказаны ў эфіры тэлеканала “Белсат”.

Агулам фрылансер Жукоўскі мае сплаціць у бюджэт 70 мільёнаў 350 тысяч рублёў, ў іх у 2016 годзе – 38 млн 850 тысяч.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!