366 0

Фрылансер Кастусь Жукоўскі: “Мяне аштрафавалі за відэасюжэты, якія я не рабіў”

11.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

11 ліпеня суддзя Цэнтральнага раёна  Гомеля аштрафаваў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага паводле ч. 2, артыкула 22.9 КаАП на 30 базавых велічыняў (735 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала «Белсат».

Фрылансер Кастусь Жукоўскі

Два адміністрацыйныя пратаколы на Жукоўскага  паступілі ў суд з Рагачоўскага райаддзела міліцыі, а складзены яны на  падставе рапартаў супрацоўнікаў УУС Гомельскага аблвыканкама.

У аддзеле па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій маніторылі інтэрнэт і выявілі ў траўні на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” два сюжэты: “На Гомельшчыне парасяты дохнуць з голаду” і  “У вёсцы Зарэчча камуналку можна аплаціць пластыкавымі бутэлькамі і макулатурай”.

У пратаколах, дасланых у суд, гаворыцца, што Жукоўскі незаконна інтэрв’юіраваў у Рагачоўскім раёне намесніка генеральнага дырэктара селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Зарэчча» Яўгена Гурэвіча наконт бяскорміцы і падзяжу парасят, а таксама мясцовых жыхароў, якім прапанавана  збіраць пластыкавыя бутэлькі і макулатуру і сплачваць камунальныя паслугі. У пратаколе гэта прыраўнялі да  выкананя “функцыі журналіста замежнага СМІ”.

У судзе Кастусь Жукоўскі патлумачыў, што любіць еьдзіць па вёсках і “глядзець, як  мы квітнеем”. Пра тое распавядае Аляксандар Лукашэнка і паказвае Беларускае тэлебачанне.  Што да Зарэчча, то відэаздымкі і апытанне рабіў там фрылансер Андрэй Толчын.

 “У нашай краіне хакей і жывёлагадоўля — галоўныя тэмы. Я цяпер здымаю толькі добрыя сюжэты. Кепскія можа зняць і Толчын”, — дадаў Жукоўскі.

Андрэй Толчын  выступіў у судзе сведкам і сапраўды пацвердзіў, што здымкі ў вёсцы Зарэчча Рагачоўскага раёна  рабіў менавіта ён. І пытанні вяскоўцам і Яўгену Гурэвічу таксама ён задаваў. Акурат за гэтыя сюжэты 7 ліпеня суддзя Савецкага раёна Гомеля  Віталь Каўбеня аштрафаваў Толчына на 980 рублёў, дадаўшы яшчэ і трэці пратакол — за сюжэт на  тым жа “Белсаце” пад назвай “Гомельскі радыёзавод будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень”.

Суддзя Аляксандар Піскуноў, які разглядаў адміністрацыйную справу, пацікавіўся, хто ў такім разе рабіў відэаздымкі, на якіх бачна, што Толчын заходзіць у будынак СГЦ «Зарэчча»?

Андрэй патлумачыў, што робіцца гэта вельмі проста: “Стаўлю камеру на аўтаматычны рэжым і заходжу ў памяшканьне. Тут нічога складанага няма”.

Аглядаючы матэрыялы адміністрацыйнай справы, суддзя зачытаў паказанні Яўгена Гурэвіча і жыхаркі Зарэчча Антаніны Кавалёвай, якія  пад пратакол заявілі, што і Толчын, і Жукоўскі задавалі ім пытанні.  У выніку Жукоўскаму і вынесены штраф паводле двух міліцэйскіх пратаколаў.

Ад пачатку года гэта ўжо  восьмае пакаранне Кастусю Жукоўскаму за журналісцкую дзейнасць. Агулам фрылансер мусіць сплаціць 7 374,5 рублі.  Андрэя Толчына сёлета штрафавалі  на падставе артыкула 22.9 КаАП шэсць разоў — сума ягоных штрафаў перавысіла 4 тысячы рублёў.

На судзе прысутнічаў праваабаронца, юрыст ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Леанід Судаленка. Жукоўскі як сябра ГА “БАЖ” заявіў Судаленку сваім прадстаўніком, аднак суддзя Піскуноў адхіліў хадайніцтва.

Праваабаронца лічыць, што праз штрафы фрылансерам дзяржава паказвае “сваю слабаць у змаганні з непадцэнзурнай відэаінфармацыяй”. Замест таго, каб прыводзіць нацыянальнае заканадаўства пра СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі пагадненямі, дзяржава пераследуе журналістаў-фрылансераў, якія, як, дарэчы, і кожны грамадзянін, паводле Канстытуцыі маюць права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Каментары