283

Freedom House: Беларусь па-ранейшаму несвабодная краіна

05.02.2019 Крыніца: Радыё Свабода

Пра гэта гаворыцца ў сёлетняй справаздачы Freedom in the World 2019 амэрыканскага дасьледчага цэнтру, прысьвечанай стану грамадзянскай і палітычнай свабоды ў сьвеце.

Галоўныя высновы

  • Становішча з правамі чалавека пагаршаецца ў сьвеце ўжо 13-ы год

  • Беларусь - несвабодная краіна, але з 2015 году - ня ў сьпісе найгоршых

  • Летась Вугоршчына ўпершыню перайшла з катэгорыі свабодных краінаў у катэгорыю несвабодных

  • Сярод суседзяў Беларусі Літва, Латвія і Польшча - свабодныя краіны, Украіна - часткова свабодная, Расея - несвабодная.

Справаздача ўтрымлівае параўнальны аналіз становішча ў 195 краінах сьвету. Зь іх 86 краінаў (44%) былі прызнаныя свабоднымі, 59 (30%) — часткова свабоднымі, і 50 (26%) — несвабоднымі.

Freedom House у сёлетняй справаздачы дае змрочную ацэнку глябальнай свабоды ў сьвеце. Паводле цэнтру, за мінулы год становішча з дэмакратыяй і свабодай пагоршылася ў 68 краінах сьвету, тым часам як палепшылася толькі ў 50-ці.

Freedom House адзначае, што глябальнае пагаршэньне становішча працягваецца ўжо 13-ы год. За мінулы год цэнтар адзначае асабліва істотнае пагаршэньне сытуацыі са свабоднымі выбарамі і правамі мігрантаў.

Сёлета Беларусь не фігуруе ў сьпісе найгоршых з найгоршых, паводле Freedom House, з 50 несвабодных краінаў самыя горшыя — наступныя 13, пачынаючы з найгоршай: Сырыя, Паўднёвы Судан, Эрытрэя, Туркмэністан, Паўночная Карэя, Экватарыяльная Гвінэя, Савудаўская Арабія, Самалі, Судан, Таджыкістан, Узбэкістан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка і Лібія.

Апошні раз Беларусь у сьпісе найгоршых з найгоршых паводле Freedom House была ў 2015 годзе.

У справаздачы адзначаецца істотнае пагаршэньне становішча з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Злучаных Штатах. Асаблівую крытыку дасьледчыкаў выклікае стаўленьне прэзыдэнта Дональда Трампа да свабоды друку і прынцыпу вяршэнства закону.

Паводле Freedom House, ЗША застаюцца ў ліку свабодных краінаў, але паводле ўзроўню дэмакратыі гэтая краіна знаходзіцца на ўзроўні Грэцыі, Харватыі і Манголіі, істотна саступаючы такім краінам, як Вялікабрытанія і Нямеччына.

Сярод іншых знакавых зьменаў Freedom House адзначае зьмену статусу Вугоршчыны са свабоднай краіны ў часткова свабодную. У справаздачы адзначаецца, што гэта — самы істотны адмоўны зрух у межах Эўразьвязу за ўсю гісторыю назіраньняў. Прычына — атакі на дэмакратыю і прынцып вяршэнства закону з боку ўраду Віктара Орбана і яго кіроўнай партыі ФІДЭС.

Нікарагуа ў параўнаньні зь леташняй справаздачай перайшла з катэгорыі часткова свабодных краінаў у катэгорыю несвабодных. Прычынай стала жорсткае падаўленьне ўладамі агульнанацыянальнага руху пратэсту, гэтыя рэпрэсіі паглыбілі і без таго востры міграцыйны крызіс у рэгіёне.

У справаздачы зьвяртаецца ўвага на перасьлед сваіх палітычных апанэнтаў за мяжой, які практыкуюць, у прыватнасьці, такія краіны, як Расея, Кітай, Турэччына, Іран і Сырыя. Размова ідзе пра просьбы аб выдачы, выкраданьні і нават забойствы. Адной з найбольш выразных праяваў гэтай тэндэнцыі Freedom House лічыць забойства ўладамі Савудаўскай Арабіі журналіста Джамаля Хашокджы ў Турэччыне.

Разам з тым фіксуюцца і станоўчыя зьмены ў шэрагу краінаў, дзе ўлады былі вымушаныя ісьці насустрач народным памкненьням да свабоды і годнасьці. Адпаведныя працэсы адбываліся летась у Анголе, Армэніі, Этыёпіі і Малайзіі.

З постсавецкіх краінаў у сьпіс часткова свабодных трапілі Армэнія, Грузія, Кіргізстан, Малдова і Ўкраіна, несвабоднымі былі прызнаныя Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Сярод заўважных зьменаў у рэгіёне Эўразіі Freedom House адзначае паляпшэньне сытуацыі ва Ўзбэкістане. Гэтая краіна застаецца несвабоднай і нават не пакідае сьпіс найгоршых з найгоршых, аднак другі год запар сытуацыя там паляпшаецца, улады працягваюць вызваляць палітычных зьняволеных і аслабляць абмежаваньні на дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў.

Таксама паказальнымі падзеямі ў рэгіёне Freedom House называе прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане і Расеі, у выніку якіх Ільхам Аліеў і Ўладзімір Пуцін засталіся ва ўладзе, працягваючы сваю палітыку падаўленьня незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці, злоўжываньня ўладай і перасьледу палітычных апанэнтаў.