959

Фотажурналіста "Новага Часу" Дзмітрыя Дзмітрыева дапрасілі ў СК

04.03.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Фотакарэспандэнт газеты «Новы Час» Дзмітрый Дзмітрыеў быў на допыце ў Следчым камітэце ў якасці падазраванага па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пасля допыту Дзмітрыеў сказаў, што "ўсё прайшло спакойна".

Дзмітрый мяркуе, што цяпер ідуць допыты ўсіх, хто адмовіўся даваць паказанні пасля затрымання 1 лістапада 2020 года.

Нагадаем, 1 лістапада ў Мінску адбываўся пратэстны марш да Курапатаў — месца расстрэлу, пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Па шляху да Курапатаў сілавікі шмат разоў разганялі натоўп. Былі затрыманыя, пацярпелі і журналісты.

Дзмітрый Дзмітрыеў  распавёў следчаму, што працаваў у той дзень як фотажурналіст, меў пры сабе дакументы, быў абазначаны, як журналіст, на праезджую частку не выходзіў.

Дзмітрый кажа, што далей або з яго мусяць зняць падазрэнні па крымінальнай справе, або будуць прад'яўляць абвінавачванне. 

«Сказалі, што будуюць новы Асьвенцім». Фатограф Дзьмітрыеў расказаў, як у жніўні з Акрэсьціна трапіў у незвычайнае месца

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!