НЕ - ВАЙНЕ!
563

Фотавыстава пра пратэст у беларускіх рэгіёнах адкрыецца ў Беластоку 9 жніўня. Ідзе збор сродкаў

21.07.2022 Крыніца: Most

Пачаўся збор сродкаў на арганізацыю фотавыставы пра пратэст у беларускіх рэгіёнах.  MOST пагутарыў з арганізатаркай і журналісткай Зояй Хруцкай пра выставу, Беласток і Беларусь.

Чаму беларускія рэгіёны

Зоя Хруцкая дзесяць год працавала ў незалежным выданні «Рэгіянальная газета» ў Маладзечне. У ліпені 2021 года ў рэдакцыю газеты прыйшлі з ператрусам сілавікі. Зоя была вымушаная з’ехаць з Беларусі, цяпер жыве і працуе ў Беластоку.

— 9 жніўня будзе два гады, калі Беларусь цалкам памянялася. Мне падаецца, не хапае праектаў, якія расказвалі бы пра гэтыя падзеі без канцэнтрацыі на Мінску і на тым, што адбывалася там, — падкрэслівае арганізатарка.

Зоя Хруцкая кажа, што падчас працы на пратэстах у Маладзечне яна атрымлівала шматлікія паведамленні, што фотаздымкі «Рэгіянальнай газеты» выкарыстоўваюць і за мяжой.

— У той момант, калі я знаходзілася ў цэнтры гэтага пекла, было важна разумець, што тое, што адбываецца з Беларуссю, трансліруецца паўсюль. Што мы не засталіся са сваёй праблемай сам-насам. На жаль, вельмі мала праектаў, якія расказвалі пра гэтыя гістарычныя падзеі ў беларускіх рэгіёнах.

Зоя лічыць, што праца беларускіх журналістаў палягае на тым, каб збіраць сведчанні, па-рознаму іх упакоўваць і працягваць паказваць свету, і крычаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Што будзе на выставе

На выставе будуць паказаныя фотаздымкі з Маладзечна, Гродна, Брэста і Ганцавічаў. Арганізатарка адзначае, што ў планах прадставіць гарады з шасці абласцей Беларусі. Фатографаў папрасілі саміх абраць здымкі, якія яны лічаць найбольш важнымі, і расказаць іх гісторыю.

— Гэта важна і для фатографаў, каб яны разумелі, што гэта рызыкоўная праца застанецца ў гісторыі. Спадзяемся, што ў нас атрымаецца працягваць аб’ядноўваць сведчанні пра падзеі ў Беларусі з розных рэгіёнаў.

Чаму выстава адбудзецца ў Беластоку

Беласток стаў адным з месцаў прыцягнення беларусаў, якія выязджалі з краіны праз палітычны пераслед з боку сілавікоў, падкрэслівае Зоя Хруцкая.

— У Беластоку знаходзіцца адна з найбольшых супольнасцяў беларусаў, якія сюды прыязджалі з розных рэгіёнаў Беларусі. Не толькі праз палітыку ў апошнія два гады, а і раней. Мы хочам падкрэсліць, што Беларусь застаецца ў сэрцы, у якім месцы свету ты б ні жыў.

На арганізацыю выставы збіраюць тысячу еўра. Гэтыя грошы пойдуць на ганарары фатографам, арганізатарам і раздрукоўку матэрыялаў.

Заданаціць на выставу можна тут.

Чытайце яшчэ:

Позиция нового медиа tochka.by: "С уходом и переформатированием работы ряда крупных игроков уровень качественной журналистики в байнете заметно упал"

CityDog.io пачынае эксперымент: будзе дапамагаць чытачам вывучаць беларускую мову

Российские телепрограммы оказались самыми популярными среди белорусов. Что ответил на это Мининформ?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!