1851

Фота на знак салідарнасці не з’яўляюцца пікетам

11.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Абласны суд у Гродне 11 ліпеня пакінуў у сіле рашэнне суда Ленінскага раёна горада аб спыненні справы супраць сям’і Верамеенкаў. Нагадаем, 30 траўня суддзя Руслан Гурын прыняў рашэнне, што здымак ў сеціве не з’яўляецца пікетам. Міліцыя з гэтым рашэннем была не згодная.

У абласным судзе касацыю міліцыі разглядаў суддзя Анатоль Заяц. Міліцыю на судзе прадстаўляў Аляксей Вайцешка, які складае пратаколы на грамадскіх актывістаў і журналістаў Гродна. Справа цягнулася каля пяці хвілінаў, судзя вырашыў пакінуць ў сіле рашэнне суда папярэдняй інстанцыі.

Нагадаем, прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Гродна  вырашылі абскардзіць рашэнне суддзі Гурына ў абласным судзе. Справа тычылася размешчанага ў сацыяльных сетках 7 мая фотаздымка сям’і Верамеенкаў з бел-чырвона-белым сцягам на знак салідарнасці з Васілём Паляковым, які адбываў 15 сутак арышту за нацыянальную сімволіку. Фота, апублікаванае ў Facebook, міліцыя палічыла «несанкцыянаваным пікетам».

Пра рашэнне суддзі кажа Сяргей Верамеенка:

“Я абсалютна задаволены і рады, што суддзя вынес такое рашэнне. Зразумела, што ў нас вельмі цяжка дамагчыся праўды. Але тым не менш я не лічу гэта чымсьці надзвычайным".

Праваабаронца і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Хільмановіч мяркуе, што падобныя рашэнні прымаюцца не ў судзе, а дзесьці вышэй:

“Я мяркую, што такі вынік разгляду касацыйнай скаргі прадстаўнікоў РАУС сведчыць пра тое, што рашэнні прымаюцца ў іншых кабінетах. Магчыма, для статыстыкі і нейкіх справаздачаў патрэбныя і такія пазітыўныя вынікі, каб паказаць, што ў Беларусі не толькі карная сістэма. А можа згулялі нейкія амбіцыі прадстаўнікоў міліцыі, якія перавысілі свае паўнамоцтвы. Тым не менш, канешне, трэба вітаць, што абласны суд падтрымаў рэдкае законнае рашэнне суда Ленінскага раёна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!