218

Форум Media Literacy Solutions пабываў у Бабруйску

17.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

За два дні да афіцыйнага адкрыцця Форуму ў Мінску, у межах падзеі бабруйчане пазнаёміліся з брытанскай стыпендыяльнай праграмай Chevening, а таксама паразважалі над уплывам Расіі ў краінах Балтыі разам з аўтаркай фільма “Балтыйскі покер. Ува што гуляе Пуцін?”.

“У нас шмат прапаганды з усіх бакоў”

Першы міжнародны форум па медыяпісьменнасці Medialiteracysolutions будзе праходзіць у Мінску 18—19 кастрычніка. Арганізатарка мерапрыемства, заснавальніца “Прэс-клуба Беларусь”, медыяменеджарка Юлія Слуцкая распавяла, што вельмі хацела, каб гэтая падзея закранула не толькі сталіцу, але і рэгіёны Беларусі. Таму акрамя Бабруйска, 16 кастрычніка частку Форума прымала ў сябе таксама Гродна.

“Тэма медыяпісьменнасці зараз вельмі актуальная ва ўсім свеце. Але асабліва актуальная для Беларусі, — кажа Юлія Слуцкая. — Мы жывём у расійскамоўнай прасторы. Больш за 60% кантэнту беларускага тэлебачання не беларускай вытворчасці. Так, у нас няма барацьбы фэйкаў, як ва Украіне ці ЗША. Але ў нас шмат маніпуляцый і прапаганды ў медыя з усіх бакоў. І ў нас няма ніводнай праграмы па медыяпісьменнасці, якая б рэалізоўвалася на дзяржаўным узроўні і сістэмна. Таму мне вельмі хацелася сабраць лепшыя практыкі і паглядзець, як гэта можа працаваць у нас”.

Кіраўніца “Прэс-клуба” распавяла, што на Форум прыедзе шмат настаўнікаў з рэгіёнаў, якія імкнуцца вучыць дзяцей медыяпісьменнасці, нягледзячы на адсутнасць такога прадмету ў школьнай праграме. Адна з секцый Форуму будзе прысвечаная таму, як уводзіць у школы медыяпісьменнасць, у тым ліку, праз гульнявыя метады, тэатральныя і т.п.

“У нас абавязкова трэба ўводзіць медыяпісьменнасць у школы, як гэта зроблена ўжо ў большасці краін свету, — перакананая Юлія Слуцкая. —Трэба вучыць дзяцей арыентавацца ў інфармацыі. Бо медыяпісьменны чалавек сёння — гэта чалавек, які любую інфармацыю ўспрымае крытычна, спрабуе самастойна скласці карціну свету, чытаючы розныя крыніцы на тэмы, якія яго цікавяць, а не задавальняецца тым, што прачытаў у сваёй фрэндстужцы ў сацсетках. На шчасце, ёсць таварыства беларускіх настаўнікаў-энтузіястаў, якое ўзначальвае Тамара Мацкевіч. Яны адукоўваюць іншых настаўнікаў, каб тыя ў сваіх школах працавалі па медыяпісьменнасці з вучнямі”.

Фільм “Балтыйскі покер” — пра вынікі жыцця ў чужой інфармацыйнай прасторы

У Бабруйску ў межах Форуму была прэзентаваная стыпендыяльная праграма для пасля дыпломнай адукацыі ўраду Вялікабрытаніі Chevening. Паводле Юліі Слуцкай, арганізатары Форуму вырашылі распавядаць пра адукацыйныя магчымасці, асабліва ў рэгіёнах, бо навучанне, пашырэнне досведу і далягляду найлепш спрыяе медыяпісьменнасці. Зараз беларусам выдзяляецца чатыры месцы на Chevening. Навучанне па праграме працягваецца адзін год. Усе выдаткі пакрываюцца, ехаць можна нават з сям’ёй.

Другая частка івэнта ў Бабруйску была прысвечаная прэзентацыі дакументальнага фільма “Балтыйскі покер. Ува што гуляецца Пуцін?” і размовай з аўтаркай кінастужкі Сандрай Ужуле-Фонс. Сандра — журналістка, навучалася ў Польшчы. Нарадзілася ў латвійскім Даўгаўпілсе ў польска-латышскай сям’і. Хадзіла ў рускамоўную школу, бо на той час у Латвіі лічылася, што толькі адукацыя на рускай мове дасць перспектывы ў жыцці. Маючы такі ўласны бэкграўнд, Сандра добра арыентуецца ў тым, што адбываецца ў краінах Балтыі ў выніку ўплыву расійскай інфармацыі. Асабліва актуальным пытанне прапаганды і медыяпісьменнасці для Латвіі стала ў 2014 годзе на фоне падзей ва Украіне. Менавіта тады Сандра і вырашыла зняць дакументальную стужку, у якой паказала, як можна ўплываць на светаўспрыманне людзей з дапамогай медыя. Напрыканцы размовы з бабруйчанамі Сандра падкрэсліла, што сёння вельмі важна захоўваць крытычнае мысленне і шукаць інфармацыю ў розных крыніцах.