НЕ - ВАЙНЕ!
795

Фігурантаў справы БелаПАН засудзілі на значныя тэрміны зняволення – ад 4 да 14 гадоў

06.10.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

6 кастрычніка Мінскі абласны суд агучыў у закрытым фармаце тэрміны пакарання для чатырох фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Цуду не здарылася — пры адсутнасці дэмакратычных перамен бліжэйшыя гады журналісты-палітвязні правядуць за кратамі.    

Праз “сакрэтны” фармат пасяджэнняў і падпіску ўдзельнікаў аб “неразгалошванні працэсуальнай таямніцы” не было нават вядома, якія тэрміны для абвінавачаных папярэдне запатрабаваў пракурор. Таму суддзя Вячаслаў Тулейка, на сумленні якога нямала суровых вердыктаў у палітычных справах, проста канстатаваў персанальнае рашэнне.  

Ірына Леўшына (галоўная рэдактарка БелаПАН) – 4 гады калоніі.

Дзмітрый Наважылаў (былы генеральны дырэктар БелаПАН) – 6 гадоў калоніі.

Андрэй Аляксандраў (экс-намеснік дырэктара БелаПАН) –  14 гадоў калоніі. 

Ірына Злобіна (сацыёлаг, грамадская актывістка) – 9 гадоў калоніі.   

Акрамя таго, як піша Вясна, палітвязням прызначылі буйныя штрафы:

з Аляксандрава — 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), са Злобінай – 800 базавых (25 600 рублёў), з Наважылава – 700 базавых (22 400 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў.

Рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана ў вышэйшых інстанцыях. Праўда, як сведчыць практыка палітычных судоў, амаль стопрацэнтна першапачатковыя выракі застаюцца без зменаў. 

Звычайна на агучванне канчатковага прысуду завеса сакрэтнасці здымаецца нават з самых рэзанансных спраў – у залу пускаюць як мінімум сваякоў. Аднак гэтым разам правасуддзе адышло ад уласных правілаў: гледачоў не дапускалі цягам усяго разбіральніцтва.   

Суд над белапанаўцамі зацягнуўся роўна на чатыры месяцы: пачаўся 6 чэрвеня, неўзабаве быў аб’яўлены перапынак на невядомую па сваёй сутнасці “экспертызу”, а ў канцы верасня зноў аднавіўся. Суддзі хапіла літаральна некалькіх гадзін на спрэчкі бакоў, пасля чаго ён прызначыў  дату фінальнага пасяджэння.

Усіх фігурантаў справы БелаПАН праваабаронцы аб’явілі палітычнымі вязнямі. Падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым. 

Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі летась 18 жніўня, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ад 12 студзеня мінулага года. Іх справы перапляліся ў розных варыяцыях.

Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі задоўга да адпаведнага рашэння КДБ ад 1 лістапада 2021 года прызнаць агенцтва такім “фармаваннем”.  

Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну спачатку падвялі пад крымінальны артыкул “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). А ўжо за кратамі з’явілася нагрузка ў выглядзе “здрады дзяржаве”. 

Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер у тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў невыплаце падаткаў ад  дзейнасці інфармацыйнага агенцтва ў эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій. 

Санкцыі ўсіх названых артыкулаў былі ўзятыя за аснову падчас “складання” канчатковых тэрмінаў зняволення. 

Ірына Леўшына нарадзілася ў 1965 годзе ў Магілёве. Яна выпускніца факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Практычна ўсё жыццё працуе ў БелаПАНе, куды яе запрасіў аднакурснік і сябра, заснавальнік і шматгадовы кіраўнік недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва Алесь Ліпай (ён памёр пасля анкалагічнага захворвання 23 жніўня 2018 года, перад тым паспеўшы пабыць фігурантам крымінальнай справы нібыта за нявыплату падаткаў).

Там прайшла шлях ад рэпарцёра да галоўнага рэдактара і генеральнага дырэктара. Калегі адгукаюцца пра яе як “надзвычай прынцыповую, прамую, цвёрдую і непахісную ў сваіх каштоўнасцях і намерах”.

Калі летам 2021 года ўлады пачалі мэтанакіравана “зачышчаць” незалежную інфармацыйную прастору, затрымаўшы шэраг журналістаў і праваабаронцаў, Ірына Леўшына катэгарычна адмовілася з’яжджаць з краіны, хоць і разумела, што наступным у чарзе на ліквідацыю будзе менавіта БелаПАН.

Дзмітрый Наважылаў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. Скончыў прыборабудаўнічы факультэт Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ) па спецыяльнасці інжынэр-электроншчык. Аднак далейшае жыццё звязаў з журналістыкай.

Ад пачатку 1990-х працаваў на Беларускім тэлебачанні, затым у карэспандэнцкім пункце расійскага каналу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета. Пасля таго, як шэф пасля арышту і выхаду на волю з’ехаў працаваць у цэнтральны офіс у Маскву, Дзмітрый Наважылаў ачоліў мінскі карпункт.

На пачатку 2010-х перайшоў у БелаПАН. Пасля заўчаснай смерці заснавальніка і кіраўніка агенцтва Алеся Ліпая стаў дырэктарам. Пакінуў пасаду ў студзені 2021-га, калі ў офіс награнулі з ператрусам сілавікі. На пачатку лета таго ж года з’ехаў ва Украіну, але неўзабаве вярнуўся.

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Журналісцкую кар’еру пачаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце “Хімік”. У 2009–2012 гадах быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане, супрацоўнічаў з міжнароднымі арганізацыямі Index on Censorship і Article 19. Але ў выніку вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў працаваў намеснікам дырэктара агенцтва БелаПАН. Затым перайшоў працаваць па дамове медыякансультантам.

Ірына Злобіна нарадзілася ў 1989 годзе ў Мінску. Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. За некалі гадоў да арышту па спецыяльнасці ўжо не працавала, займалася ўласным бізнесам — кветкамі і вытворчасцю сувеніраў. Праводзіла лекцыі і заняткі па фларыстыцы.

Ужо за кратамі Андрэй Аляксандраў зрабіў Ірыне Злобінай прапанову. Але паколькі абое праходзяць падазраванымі ў адной крымінальнай справе і ў сувязі з гэтым ім нібыта нельга сустракацца, каб не спланаваць “сцэнар абароны”, шлюб доўгі час адкладаўся. Толькі 1 верасня адміністрацыя мінскага СІЗА-1 з дазволу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС дала магчымасць Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай афіцыйна стаць мужам і жонкай.

Чытайце яшчэ:

КДБ папоўніў свой “тэрарыстычны спіс” палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам

Дмитрий Навоша: «Трибуна» будет переходить на беларусский язык

В суд направлено уголовное дело по обвинению экс-журналиста Дмитрия Лукши

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!