335

FIDH і ПЦ "Вясна" асуджаюць чарговую атаку на незалежныя СМІ, якая пагражае свабодзе слова ў Беларусі

09.07.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

9 ліпеня 2021 года, Парыж-Мінск

Учора супрацоўнікі праваахоўных органаў арганізавалі шырокамаштабны наступ на незалежныя СМІ ў Беларусі. У офісах па меншай меры пяці медыя-рэсурсаў былі праведзеныя ператрусы, шэраг іх супрацоўнікаў былі затрыманыя. Супраць супрацоўнікаў "Нашай Нівы", аднаго з найстарэйшых і найбуйнейшых незалежных СМІ Беларусі, былі распачатыя крымінальныя справы, а сайт газеты заблакаваны. Яшчэ двум выданням пагражаюць павесіць цэтлікі экстрэмістаў.

FIDH і "Вясна" асуджаюць бесперапынныя атакі, якія пагражаюць знішчыць апошнія свабодныя СМІ ў Беларусі і тое, што засталося ад свабоды слова і аб'яднанняў у краіне.

Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі беларускіх праваахоўных органаў прыйшлі з ператрусамі ў офіс "Нашай Нівы" [1]. Ператрусы таксама прайшлі ў кватэрах галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактараў Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, а таксама бухгалтаркі Вольгі Раковіч. Усе чацвёра былі затрыманыя ў якасці падазраваных паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх"). Сайт выдання заблакаваны.

Сярод іншых СМІ, у якіх прайшлі ператрусы, найбуйнейшыя берасцейскія рэгіянальныя выданні: "Брэсцкая газета", "Інтэкс-Прэс" і "Медыя-Палессе". Рэдактар іншага брэсцкага СМІ, "Першы рэгіён", Алег Супрунюк быў неправамерна аштрафаваны за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней аналагічныя абвінавачванні былі прад'яўленыя выданню "Інтэкс-Прэс" за публікацыю інтэрв'ю з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

Учора прайшлі ператрусы ў кватэрах рэдактара аднаго з найбуйнейшых аршанскіх навінавых парталаў Orsha.eu Ігара Казмерчака і фатографа Дзяніса Дубкова. Абодва былі затрыманыя. Казмерчак падазраецца ў парушэнні арт. 218 Крымінальнага кодэкса ("Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці").

18 траўня гэтага года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларусі правёў ператрус у найбуйнейшым у краіне незалежным медыя-партале TUT.by, 15 супрацоўнікаў партала былі арыштаваныя [2]. 8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да іншага сайту, адкрытага камандай TUT.by, якой удалося ўцячы з краіны. Абодва рэсурсу застаюцца недаступнымі з Беларусі. Акрамя таго, Міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала прызнаць сайт TUT.by экстрэмісцкім.

Тыя ж абвінавачванні пагражаюць і Telegram каналу Hrodna.life. У чэрвені 2021 года яго рэдактар Аляксей Шота ўжо атрымаў штраф у памеры 14500 рублёў за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

8 і 9 ліпеня прайшлі ператрусы ў кватэрах яшчэ як мінімум чатырох журналістаў, якія працуюць на Onliner, "Белсат" і Bobr.by. Яшчэ адзін незалежны журналіст Віталь Скрыль праходзіць па арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады"). З кожнай гадзінай з'яўляюцца ўсё новыя і новыя факты, і, хутчэй за ўсё, у дадзены момант затрымліваюцца новыя журналісты і праводзяцца ператрусы ў офісах.

Вышэйпаказаныя дзеянні сур'ёзна абмяжоўваюць магчымасці журналістаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, як індывідуальна, так і ў складзе медыя-структур, што з'яўляецца парушэннем артыкулаў 19 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода слова і свабода аб'яднанняў). FIDH разам са сваёй сяброўскай арганізацыяй у Беларусі, Праваабарончым цэнтрам "Вясна", рашуча асуджаюць рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць юрыдычны пераслед СМІ, а міжнародную супольнасць - тэрмінова і рашуча адрэагаваць на тое, што адбываецца.


[1] Пакуль невядома, хто менавіта праводзіў ператрус, хутчэй за ўсё, цэнтральны апарат Міністэрства ўнутраных спраў і/або ГУБАЗіК, дэпартамент па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.

[2] У тым ліку дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар аддзела палітыкі Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, а таксама бухгалтар, інжынер, тэхнічны дырэктар, менеджэр, былыя і сапраўдныя юрысты кампаніі, удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!