433

Фатограф выратаваў хлопца ад збіцця падчас гей-параду ў Харкаве ФОТА, ВІДЭА

19.09.2019 Крыніца: Радыё Свабода

15 верасьня каля 2000 прадстаўнікоў ЛГБТ і праваабаронцаў выйшлі з маршам на вуліцы Харкава — упершыню за ўсю гісторыю гораду ў ім адбыўся гей-парад.

Пасьля заканчэньня параду, большасьць яго ўдзельнікаў бясьпечна пакінулі вуліцы, скарыстаўшы мэтро. Іншая частка пайшла ў парк Шаўчэнкі — там іх ужо чакалі групы праварадыкалаў.

У гэтым парку Глеб Гараніч, фатограф, што працуе ў Reuters, зрабіў некалькі шакіруючых здымкаў. Ён зафіксаваў, як маладога хлопца, удзельніка параду, зьбіваюць людзі ў масках, а яго сяброўка стаіць побач, ня ў стане дапамагчы. На відэа добра бачны пачатак нападу на падлетка.

Гараніч ужо раней рабіў фотарэпартажы зь месцаў канфлікту — галоўным чынам на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. У 2013 годзе зьявіўся здымак, дзе Гараніч падчас Эўрамайдану працягвае рабіць фатаграфіі, нягледзячы на рану на галаве, якую ён атрымаў ад паліцэйскага.

Гараніч падчас Эўрамайдану ў 2013 годзе

Другі фатограф, Андрэй Краўчанка, здымаў усё што адбывалася ў парку далей — у тым ліку і тое, як Гараніч, зрабіўшы некалькі здымкаў, разагнаў людзей у масках і вывеў хлопца з парку.

Гараніч выводзіць хлопца з парку

Гараніч пазьней заявіў Радыё Свабода па эмэйлу, што ён умяшаўся ў сытуацыю, «бо была сур’ёзная пагроза жыцьцю (падлетка)».

Краўчанка згодны зь ім — калі б не Гараніч, падлетак мог быць «забіты натоўпам». У сваім фэйсбуку Андрэй Краўчанка напісаў, што лічыць Гараніча «сапраўдным мужчынам».

Фатограф выратоўвае падлетка

Паліцыя Харкава паведаміла, што іх праінфармавалі аб інцыдэнце ў парку Шаўчэнкі і расьсьледаваньне ўжо пачалося.