НЕ - ВАЙНЕ!
2783

Фатограф Аляксандр Васюковіч перамог у конкурсе FOTODOC з праектам "Фота на памяць"

13.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Праект Аляксандра Васюковіча “Фота на памяць” заняў першае месца ў намінацыі “Канфлікт”.

Праект Аляксандра Васюковіча “Фота на памяць”  — гэта фотаздымкі людзей, якія загінулі на Данбасе падчас узброенага канфлікту паміж Расіяй і Украінай.

“Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя на памяць, калі я працаваў у мінулым годзе на ўсходзе Украіны. Многія салдаты прасілі мяне зрабіць фотаздымак на памяць і па магчымасці даслаць ім альбо іхнім сваякам, жонкам, сябрам”, ─ гаворыцца ў анатацыі да фотапраекта.

Другое месца ў гэтай жа намінацыі заняў праект "Вайна ва Украіне" расійскага журналіста Сяргея Лойкі.

У гэтым праекце прадстаўленыя фотаздымкі, зробленыя падчас аблогі Данецкага аэрапорта і на перадавой у Пясках побач з ім у верасні і кастрычніку 2014 года.

Цэнтр дакументальнай фатаграфіі FOTODOC пры Сахараўскім цэнтры праводзіць конкурс фатаграфіі «Прямой взгляд». У конкурсе бяруць удзел працы, якія адлюстроўваюць праблемы ўзаемаадносінаў чалавека з грамадствам і дзяржавай, а таксама шляхі вырашэння гэтых праблем.

У конкурсе тры намінацыі:

“Праблема” — праблемы і супярэчнасці, якія ўзнікаюць у грамадстве паміж чалавекам і соцыумам, грамадскімі інстытутамі і дзяржавай);

 “Канфлікт“ — найбольш востры спосаб вырашэння супярэчнасцяў, якія ўзнікаюць у працэсе сацыяльнага ўзаемадзеяння. Праяўляецца як супрацьдзеянне ўдзельнікаў і звычайна суправаджаецца негатыўнымі эмоцыямі, якія выходзяць за межы правілаў і нормаў.

“Кампраміс” — вырашэнне канфліктнай сітуацыі шляхам дыялогу, сацыяльных зменаў або рэформаў.

 

Аляксандр Васюковіч — фатограф-фрылансер, які жыве ў Мінску. Нарадзіўся ў 1985 годзе. Кар'еру фотажурналіста пачаў у 2010 годзе. У 2012 годзе атрымаў Гран пры "Прэс-фота Беларусі" і першае месца ў нацыянальным конкурсе мультымедыя ў тым жа годзе. Супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі СМІ, працуе над персанальнымі праектамі. Сябра ГА "Беларуская асацыяцыяжурналістаў".

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!