334

«Ежедневник» назваў затрыманьне свайго рэдактара «барацьбой карупцыянэраў з чалавекам, які замахнуўся на іх сыстэму»

26.03.2020 Крыніца: Радыё Свабода

Рэдакцыя беларускага выданьня «Ежедневник» апублікавала заяву ў сувязі з затрыманьнем галоўнага рэдактара Сяргея Сацука. У выданьні ня вераць, што Сацука затрымалі за хабар — падазраюць помсту з боку карупцыянэраў.

На думку рэдакцыі, незалежная журналістыка — гэта якраз найменш карумпаваная сфэра ў Беларусі, і раней справаў у сувязі з хабарам недзяржаўнаму журналісту не было, ды і журналіст можа паспрыяць толькі ў перадачы інфармацыі грамадзтву і ўладзе.

«Усё зразумець» аб справе, як піша рэдакцыя, можна, калі паглядзець рэпартаж БТ ад 22 жніўня 2019 году аб судзе ў «справе мэдыкаў», «дзе 21 абвінавачаны, дзе касьмічныя сумы хабараў і канфіскаваных грошай з гаражоў». Большая частка рэпартажу, як адзначаюць, была прысьвечаная не таму, якія ўжываліся карупцыйныя схемы, і не таму, як гэта стала магчымым у Беларусі, а таму, што Сацук нібыта ўзяў 5000 даляраў за напісаньне артыкулу аб карупцыі ў Мінздароўя (Сацук адмаўляў, што браў грошы як хабар — браў на фінансаваньне расьсьледаваньняў).

Менавіта з артыкулаў Сацука, мяркуе «Ежедневник», пачалося расьсьледаваньне «справы мэдыкаў».

«Але калі колькасьць артыкулаў аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя на партале „Ежедневник“ перавысіла нейкую крытычную масу, да Сяргея ад пэўных людзей прыйшоў чалавек і канкрэтна папярэдзіў, што або пасадзяць, або заб'юць», — сьцьвярджае выданьне.

Сацука, нягледзячы на хворае сэрца, затрымалі «проста на вуліцы, нічым не абгрунтаваўшы такі строгі прэвэнтыўны захад», адзначае «Ежедневник». Затрыманьне ацэньваюць ня як фрагмэнт барацьбы дзяржавы з карупцыяй, а «як фрагмэнт барацьбы карупцыянэраў з чалавекам, які адважыўся замахнуцца на іх выбудаваную сыстэму».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!