479

Еўрасаюз: Дзеянні беларускіх сілавікоў супраць журналістаў непрымальныя

24.07.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў АБСЕ 24 ліпеня апублікавала заяву ў звязку з падзеямі ў Беларусі.

Еўрасаюз чакае ад Беларусі свабодных і справядлівых выбараў, акрэдытацыі назіральнікаў, допуску незалежных і замежных журналістаў, якія асвятляюць выбарчы працэс.

Заяву агучыў прадстаўнік Еўрапейскага саюза ў АБСЕ 23 ліпеня ў Вене.

Еўрасаюз занепакоены паведамленнямі пра ўжыванне сілы, затрыманнях і штрафах ў дачыненні да журналістаў і блогераў, якія асвятляюць вулічныя пратэсты ў Беларусі

«Такія дзеянні з боку беларускіх сілавых органаў непрымальныя, — гаворыцца ў заяве. — Як адзначала прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і іншыя краіны-чальцы АБСЕ, журналісты маюць ключавую ролю ў асвятленні падзеяў, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс, і беларускія ўлады павінны забяспечыць ім магчымасць выконваць сваю працу».

У заяве таксама выказваецца шкадаванне ў сувязі з тым, што Беларусь своечасова не накіравала запрашэнне для назіральнікаў за выбарамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

Еўрасаюз чакае, што беларускія ўлады забяспечаць правядзенне свабоднай і сумленнай выбарчай кампаніі для ўсіх без выключэння кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама не будуць абмяжоўваць магчымасці для нацыянальных назіральнікаў, улічваючы адсутнасць назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ.

Апошнія месяцы сталі часам надзвычай жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі. За час прэзідэнцкай кампаніі падчас выканання прафесійных абавязкаў былі затрыманыя 43 журналісты з дзясяткаў СМІ. У сувязі з апошнімі падзеямі рэдакцыі незалежных выданняў Беларусі звярнуліся да грамадскасці, улады, сілавікоў. Пад заяваю падпісаліся больш за 200 журналістаў.

Аднак 24 ліпеня стала вядома, што пракуратура Беларусі адмовілася правяраць, ці чыніла міліцыя гвалт над журналістамі. Начальніца аддзелу нагляду за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Марына Папова  адказала на калектыўны зварот беларускіх журналістаў аб перашкодах дзейнасці СМІ.

"Правядзенне праверак аб парушэннях заканадаўства аб СМІ, якія праявіліся ў незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі і складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 22.19 КаАП аднесена непасрэдна да кампетэнцыі органаў унутраных справаў", — гаворыцца ў адказе на зварот.

Прыняццё рашэнняў наконт заяў аб перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасці журналіста, учыненым з ужываннем гвалту або з пагрозай яго ўжывання службовай асобай органаў унутраных справаў у сувязі зь яго службовай ці прафесійнай дзейнасцю, і вырашэнне пытання аб наяўнасці ў гэтых дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага арт. 198 Крымінальнага кодэкса, адносіцца «да выключнай кампеетэнцыі органаў папярэдняга следства», пішуць у Генпракуратуры.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!