2882

«Еўрарадыё» на год працягнулі дазвол на працу ў Беларусі (дапоўнена)

02.11.2015 Крыніца: naviny.by, прэс-служба ГА "БАЖ", выява з сайта "Еўрарадыё"

 

Савет міністраў сваёй пастановай ад 28 кастрычніка № 908 падоўжыў «тэрмін дзеяння пасведчання аб адкрыцці ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункта таварыства з абмежаванай адказнасцю «Еўрапейскае радыё для Беларусі» (Рэспубліка Польшча) з 11 лістапада 2015 года па 10 лістапада 2016 года».

Міністэрству замежных спраў Беларусі даручана прыняць меры па рэалізацыі пастановы.

Вяшчанне «Еўрапейскага радыё для Беларусі» пачалося 26 лютага 2006. Дазвол на акрэдытацыю карэспандэнцкага пункта ў Беларусі «Еўрарадыё» атрымала ў сярэдзіне лістапада 2009 года, нагадвае БелаПАН.

У той жа час, яшчэ два СМІ – «Беларускае Радыё Рацыя» і тэлеканал «Белсат», што вяшчаюць з тэрыторыі той жа Польшчы, ужо шмат гадоў дамагаюцца афіцыйнай акрэдытацыі сваіх журналістаў у Беларусі, але пастаянна атрымліваюць адмовы ад беларускага МЗС.

Спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» быў створаны ў 2007 г. па дамове паміж польскім Міністэрствам замежных спраў і Польскім тэлебачаннем. Вяшчае на тэрыторыю Беларусі з Польшчы з 10 снежня 2007 года. З гэтага часу тэлеканал неаднаразова звяртаўся да беларускага МЗС з заяўкай аб акрэдытацыі тэлеканала і яго супрацоўнікаў у Беларусі, аднак рэгулярна атрымліваў адмовы.

"Беларускае Радыё Рацыя" - гэта радыёстанцыя, якая вяшчае на тэрыторыю Беларусі (Гродна, Брэст) і Беластоцкага ваяводства Польшчы з пачатку 2000-х гадоў. Ні карпункт радыё, ні асобныя карэспандэнты ў Беларусі не могуць атрымаць акрэдытацыю для афіцыйнай працы ў Беларусі і пастаянна падвяргаюцца пераследу ў выглядзе папярэджанняў і штрафаў.

Міжнародныя журналісцкія арганізацыі ўжо даўно заклікаюць беларускія ўлады адмяніць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае правы людзей на доступ да інфармацыі.

Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 года, таксама акцэнтавала ўвагу на гэтым.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!