533

Эўрапейскі суд забараніў украінскім уладам доступ да дадзеных журналісткі Радыё Свабода

19.09.2018 Крыніца: "Радыё Свабода"

Эўрапейскі суд па правах чалавека ў аўторак, 18 верасьня, пастанавіў, што ўрад Украіны павінен «забясьпечыць утрыманьне органаў улады ад доступу да любых дадзеных, прыведзеных у пастанове сьледчага судзьдзі Пячэрскага суда ад 27 жніўня 2018».

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/8b9e5881-11c8-4bfd-8c33-953cb826aeb4_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце з Эўрапейскага суда па правах чалавека, атрыманым са Стразбуру рэдакцыяй Радыё Свабода ўвечары 18 верасьня.

Забарона на доступ да дадзеных з тэлефона журналісткі дзейнічае на працягу месяца — да 18 кастрычніка 2018 года. Гэты час даецца абароне Натальлі Сядлецкай для падрыхтоўкі і накіраваньні поўнай скаргі ў ЭСПЧ, якую суд будзе разглядаць «у прыярытэтным парадку», гаворыцца ў дакумэнце.

27 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры даў ёй дазвол атрымаць ад правайдэра інфармацыю па тэлефоне кіраўніцы праграмы журналісцкіх расьсьледаваньняў «Схемы» Радыё Свабода Натальлі Сядлецкай.

У пастанове гаворыцца аб прадстаўленьні доступу сьледзтва да званкоў і смс-паведамленьняў журналісткі зь ліпеня 2016-га па лістапад 2017-га году і да дадзеных аб месцазнаходжаньні яе тэлефона на працягу гэтых 17 месяцаў.

 

За гэты час рэдакцыя «Схем» ажыцьцявіла і апублікавала шэраг расьсьледаваньняў аб украінскіх чыноўніках, уключаючы дзейнасьць генэральнага пракурора Ўкраіны.

Сядлецкая разам з шэрагам іншых журналістаў праходзіць сьведкай па справе аб магчымым разгалошаньні дзяржаўнай таямніцы і дадзеных дасудовага расьсьледаваньня дырэктарам Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) Арцёмам Сытнікам.

Натальля Сядлецкая — ляўрэатка шматлікіх журналісцкіх узнагародаў як украінскіх, так і міжнародных. Стыпэндыят прэміі імя Вацлава Гаўла за 2013-2014 акадэмічны год (сумесная праграма Радыё Свабода і МЗС Чэхіі). Пераможца шэрагу конкурсаў журналісцкіх расьсьледаваньняў. Чалец міжнароднай сеткі журналістаў-расьсьледавацеляў Orginized Crime and Corruption Reporting project (OCCRP).

«Схемы: карупцыя ў дэталях» — украінская штотыднёвая тэлевізійная праграма журналісцкіх расьсьледаваньняў і аналітыкі аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады, якая выходзіць у эфір з ліпеня 2014 году. Сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканала «UA: Першы».