2866

Еўрапейская федэрацыя журналістаў выступіла з заявай салідарнасці з беларускімі калегамі

03.05.2018 Крыніца: ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) апублікавала заяву салідарнасці з журналістамі ў Беларусі, якія церпяць пераслед.

efj1.jpg

На жаль, умовы для працы журналістаў у Беларусі нават і блізка немагчыма назваць свабоднымі. З 2015 года ўлады краіны распачалі кампанію рэпрэсій у дачыненні да журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, — гаворыцца ў заяве.

У выніку гэтай кампаніі ў 2017 годзе беларускіх журналістаў 69 разоў штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ, хоць ад самага пачатку Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць такі пераслед незаконным.

У 2018 годзе хваля пераследу калег у Беларусі працягнулася і ўлады ўжо 32 разы асудзілі журналістаў-фрылансераў да вялікіх грашовых штрафаў.

Такім чынам, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, найбуйнейшая арганізацыя журналістаў у Еўропе, якая  прадстаўляе больш за 320 тысяч журналістаў у 70-ці журналісцкіх арганізацыях у 44 краінах, хацела б яшчэ раз выказаць сваю салідарнасць з беларускімі калегамі.

Мы заклікаем беларускія дзяржаўныя органы неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную хвалю пераследу незалежных журналістаў і даць нашым калегам юрыдычныя гарантыі для іх прафесійнай дзейнасці.

Акрамя таго, мы звяртаемся да журналісцкіх саюзаў і арганізацый па ўсёй Еўропе з просьбай праявіць салідарнасць з нашым зваротам у падтрымцы калегаў у Беларусі. І прасіць урады адпаведных краін уздымаць пытанне пра пераслед журналістаў у Беларусі падчас міжнародных сустрэч і двухбаковых перамоваў, — гаворыцца ў заяве ЕФЖ.

Нагадаем, 3 траўня па ініцыятыве ААН адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы. Тэма гэтага дня ў 2018 годзе “Трымаць уладу пад кантролем: СМІ, правасуддзе, верхавенства закона”.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2018 годзе

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!