279

Еўрапейская федэрацыя журналістаў вітае місію АБСЕ ў Беларусі

18.09.2020 Крыніца: europeanjournalists.org

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) вітае пагадненне, дасягнутае ў чацвер у Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) аб накіраванні ў Беларусь міжнароднай экспертнай місіі.

На запыт EFJ і Human Rights Watch 26 жніўня ў рэшце рэшт 17 урадаў дзяржаў-удзельніц АБСЕ дамовіліся ўвечары ў чацвер уключыць так званы "Маскоўскі механізм", які дазваляе АБСЕ накіраваць міжнародную экспертную місію ў дзяржаву, якую падазраюць у парушэнні правоў чалавека.

Бельгія, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Нідэрланды, Польшча, Румынія, Славакія, Вялікабрытанія, Канада і ЗША звярнуліся да так званага "маскоўскага механізму" з нагоды парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Гэта азначае, што будзе створана незалежная экспертная місія для расследавання і дакладу пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Гэтая місія можа быць арганізавана без узгаднення з беларускімі ўладамі, але Мінск  можа адмовіць у выдачы візаў  экспертам. У гэтым выпадку дакладчыкі АБСЕ будуць вымушаны падрыхтаваць сваю справаздачу з інфармацыі, сабранай па-за межамі Беларусі.

АБСЕ вельмі марудна рэагавала. «Толькі 22 жніўня дзейны старшыня (CiO), албанскі прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Ідзі Рама (Edi Ram) — разам з кіраўніком АБСЕ, міністрам замежных спраў Швецыі Эн Ліндэ (Ann Linde) — накіравалі ліст Лукашэнку. Яны прапанавалі наведаць Беларусь для сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада і апазіцыі. Праз тыдзень Рама паўтарыў сваю прапанову на спецыяльным пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене», — напісала журналістка Стэфані Ліхштэйнштэйн (Stephanie Liechstenstein) у SHRMonitor.

Правал закліку Рамы да дыялогу прымусіў групу з 17 дзяржаў прыняць меры, запусціўшы "Маскоўскі механізм".

"Нават калі яго рэальны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі можа быць абмежаваны, — пракаментавала ў Twitter Стэфані Ліхтэнштэйн, — я думаю, што гэта дасць моцны сігнал аб тым, што дзяржавы АБСЕ сур'ёзна ставяцца да грубых парушэнняў правоў чалавека".

EFJ спадзяецца, што экспертная місія АБСЕ зможа свабодна і аператыўна працаваць у Беларусі. Мы заклікаем экспертаў зафіксаваць шматлікія парушэнні свабоды прэсы, якія адсочваліся Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ) пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня:

  • 180 журналістаў былі адвольна затрыманыя, каб перашкодзіць ім асвятляць дэманстрацыі супраць фальсіфікацый і гвалту на выбарах;

  • 52 журналісты сталі ахвярамі гвалту;

  • абмежаванні ў доступе да інфармацыі складана падлічыць (блакаванне Інтэрнэт-СМІ, перашкоды ў друку і распаўсюдзе газет, спыненне акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць у замежных СМІ, высылка спецыяльных карэспандэнтаў...).

EFJ заклікае экспертаў АБСЕ як мага хутчэй сустрэцца з кіраўніцтвам БАЖ, якое зможа скласці спіс вінаватых у неаднаразовых парушэннях свабоды прэсы ў Беларусі.

"Мы па-ранейшаму расчараваны павольнай рэакцыяй міжнароднай супольнасці", — сказаў  Генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гут'ерэс (Ricardo Gutiérrez). — Праз  сорак дзён пасля фальсіфікацый на выбарах і масавых рэпрэсій супраць журналістаў Еўрапейскі Саюз да гэтага часу не прыняў санкцый супраць вінаватых. Мы вітаем прагрэс, дасягнуты АБСЕ. Я запрашаю Еўрапейскі савет пераймаць гэты прыклад. Самы час прыняць меры".

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!