10 верасня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Яе тэкст даступны на сайце europarl.europa.eu на англійскай мове.
Сярод іншага, Еўрапарламент “чакае ад уладаў [Беларусі] спынення цкавання незалежных СМІ з палітычных прычын; заклікае спыніць практыку адміністрацыйнага пераследу і адвольнага выкарыстання артыкула 22.9, ч.2 Адміністрацыйнага Кодэкса супраць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, што абмяжоўвае права на свабоду выказвання і распаўсюду інфармацыі”, – гаворыцца ў дакуменце.
Паводле рэзалюцыі, Еўрапарламент па-ранейшаму глыбока заклапочаны сітуацыяй з правамі чалавека і фундаментальнымі свабодамі ў Беларусі. Разам з тым, ён вітае вызваленне палітычных вязняў і заклікае да аднаўлення іх у грамадзянскіх і палітычных правах.
Еўрапарламент заклікае правесці будучыя прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, даўшы апазіцыі доступ да кантраляваных уладамі сродкаў камунікацыі і дазволіўшы ўдзельнічаць у кампаніі на роўных умовах.