174 0

Эканамічны суд Мінска адмовіўся разглядаць скаргу на дзеяннні Міністэрства інфармацыі

16.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Заканадаўства ў галіне СМІ

Эканамічны суд Мінска адмовіў праваабаронцу Паўлу Левінаву ў разглядзе яго заявы наконт прызнання несапраўдным ненарматыўнага прававога акта Міністэрства інфармацыі Беларусі аб абмежаванні доступа да сайта "Хартыі'97".

Праваабаронца Павел Левінаў у красавіку гэтага года звяртаўся ў Эканамічны суд Мінска з просьбаю прызнаць несапраўдным ненарматыўна прававы акт Міністэрства інфармацыі Беларусі аб абмежаванні доступа да сайта "Хартыі'97". Аднак Эканамічны суд Мінска адмовіўся разглядаць справу з матывіроўкай, што яна непадсудная гэтаму суду.

Юрыст Алег Агееў падкрэслівае, што гэты выпадак ёсць добрай ілюстрацыяй таго, якія пункты павінны быць прапісаныя ў заканадаўстве аб СМІ.

19 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае ўнясенне сур’ёзных зменаў у заканадаўства аб СМІ. Але сярод прапанаваных зменаў няма працэдуры абскарджвання блакіроўкі сайтаў, маўляў, суды і так гэтым будуць займацца. Як бачым — не будуць.

“Павел Левінаў выкарыстаў усе механізмы абскарджвання рашэння мінінфарма аб блакіроўцы сайта "Хартыі'97". Аднак абедзьве галіны судовай улады — агульны і эканамічны суд — адмаўляюцца разглядаць скаргу на рашэнне Міністэрства інфармацыі па блакіроўцы сайта. Таму важна, каб у законапраект, які разглядаецца цяпер, быў абавязкова ўключаны механізм абскарджвання”, — гаворыць Алег Агееў.

Нагадаем, у студзені Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту да сайта "Хартыі'97".

Віцебскі праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Павел Левінаў мяркуе, што сваім рашэннем дзяржава парушыла яго права на атрыманне інфармацыі. Менавіта таму сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў накіраваў скаргу на рашэнне Мінінфарма ў суд. 8 лютага суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў Левінаву ў завядзенні справы ў сувязі з нібыта не падведамаснасцю справы суду.

Затым 29 сакавіка Мінскі гарадскі суд разглядаў скаргу на гэта рашэнне. Віцебскі праваабаронца яшчэ раз патлумачыў цяпер ужо вышэйшаму суду свае довады. Да разгляду справы далучылася і Беларуская асацыяцыя журналістаў, прадстаўнік якой выказаў меркаванне грамадскасці. Пазіцыя арганізацыі ў па гэтай справе адназначная: дзяржаўны орган абмежаваў права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі з сайта “Хартыя’97”, таму грамадзянін павінен мець права абскардзіць гэта рашэнне.

Аднак ні довады Паўла Левінава, ні пазіцыя ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  не былі пачутыя — суд адмовіў у задавальненні скаргі.

Міністэрства інфармацыі больш дакладна патлумачыла, чаму заблакаваны сайт "Хартыя'97"

Камітэт абароны журналістаў заклікае Мінінфармацыі Беларусі разблакіраваць сайт "Хартыя'97"

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пратэстуе супраць блакіроўкі грамадска-палітычных сайтаў

Каментары