223

Эканамічны суд Менску спыніў працэс супраць «Нашай нівы» праз малазначнасьць парушэньня

10.02.2021 Крыніца: Радыё Свабода

Эканамічны суд разгледзеў пазоў падатковай інспэкцыі супраць выканальніка абавязкаў рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

Яго вінавацілі ў тым, што «Наша ніва» друкавала абавязковыя асобнікі для рассылкі на прынтэры. Падаткавікі ўгледзелі ў гэтым незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

«„Наша ніва“ — афіцыйная зарэгістраваная газэта, а значыцца, паводле закону „Аб СМІ“ павінна друкавацца як мінімум раз на шэсьць месяцаў, — тлумачыў сутнасьць справы Марціновіч у сваім фэйсбуку. — Пры гэтым каля 15 асобнікаў газэты трэба рассылаць у міністэрствы і бібліятэкі.

Паколькі „Наша ніва“ друкуе асобнікі газэты толькі для абавязковай бясплатнай рассылкі і не прадае іх у кіёсках, то тыя 15 асобнікаў (а гэта проста двухбаковая старонка памеру A3) былі аддрукаваныя на рэдакцыйным прынтэры.

Але Міністэрства інфармацыі і Міністэрства падаткаў і збораў лічаць, што „Наша ніва“ ня мела права так рабіць, бо, маўляў, ня мае асобнай паліграфічнай ліцэнзіі. А сам факт друку 15 старонак — і ёсьць „незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць“.

Хоць ніякага даходу атрымана і не было. Ды і ў прынцыпе даходу ад друку тых асобнікаў не магло быць — яны ж бясплатныя, а не на продаж».

10 лютага Эканамічны суд Менску спыніў адміністрацыйны працэс праз малазначнасьць, — паведаміў Ягор Марціновіч.

Газэта «Наша ніва» не распаўсюджвае друкаваную вэрсію зь лета 2018 году.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!