353

ЕФЖ заклікае Савет Еўропы падтрымаць беларускіх журналістаў

09.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) заклікала дзяржавы-сябраў Савета Еўропы пакласці канец рэпрэсіям над журналістамі ў Беларусі. З моманту сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня ў Беларусі былі затрыманыя 159 журналістаў.

Генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гут'ерэс падчас свайго выступу ў Страсбургу па запрашэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы, заклікаў 47 дзяржаваў-сябраў Савета Еўропы прыняць канкрэтныя меры, каб спыніць рэпрэсій журналістаў у Беларусі. Ён нагадаў, што па дадзеных маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), з моманту сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, было адвольна затрымана 159 журналістаў.

Рыкарда Гут'ерэс выказаў шкадаванне, што АБСЕ да гэтага часу не вырашыла накіраваць місію экспертаў у Беларусь для назірання за шматлікімі парушэннямі правоў чалавека. Ён таксама асудзіў чакальную пазіцыю Еўрапейскага Саюзу які дагэтуль не прыняў ніякіх санкцый у дачыненні да асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і гвалт з боку сілавых структураў.

Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч Бурыч, заявіла, што яна сур'ёзна занепакоеная з нагоды парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі: "Я заклікаю кіраўніцтва Беларусі спыніць рэпрэсіі. Няма іншага шляху, акрамя як прыняць удзел у справядлівым і адкрытым дыялогу з грамадзянскай супольнасцю ў мэтах неадкладнай падрыхтоўкі і правядзення неабходных рэформаў".

Падчас аўторкавай дыскусіі у Камітэце міністраў, паслы Даніі, Германіі, Бельгіі, Фінляндыі, Эстоніі і Велікабрытаніі выказалі глыбокую заклапочанасць з нагоды сітуацыі ў Беларусі.

"Я рад бачыць знакі падтрымкі," сказаў Генеральны сакратар ЕФЖ. "Я заклікаю гэтыя дзяржавы і ўсіх тых, хто занепакоены станам вяршынства права прыняць канкрэтныя меры. Было б дастаткова кааліцыі з дзесяці дзяржаваў-удзельніц АБСЕ, каб даць пачатак так званаму "Маскоўскаму механізму" і накіраваць тэрміновую місію экспертаў у Мінск. Прыйшоў час дзейнічаць!"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!