934 0

ЕФЖ адрэагавала на новую хвалю пераследу журналістаў

15.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікае адмяніць судовае рашэнне па справе Ларысы Шчыраковай і скасаваць заканадаўчыя нормы, якія дазваляюць штрафаваць журналістаў паводле арт. 22.9 КаАП.

“Беларусь працягвае заганную практыку, прысудзіўшы першы штраф у гэтым годзе журналістцы Ларысе Шчыраковай за працу на “замежныя масмедыя”, – гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце ЕФЖ.

“Нас вельмі непакоіць, што беларускія ўлады аднавілі заганную практыку новай хваляй пераследу фрылансераў у краіне”, – кажа Могенс Бліхер-Б’ерэгард, прэзідэнт ЕФЖ.

ЕФЖ нагадвае пра леташняе абяцанне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца з праблемай штрафаў фрылансерам, а таксама пра нядаўні зварот ГА “БАЖ” у Адміністрацыю Прэзідэнта з нагоды новай хвалі пераследу журналістаў у 2016 годзе.

Прэзідэнт ЕФЖ ўважліва сочыць за сітуацыяй. Улетку 2015 года, калі суды над фрылансерамі ішлі адзін за адным, ён заяўляў, што “раз’юшаны ростам колькасці штрафаў”, а “такія практыкі эфектыўна забараняюць працу журналістаў”.

У лістападзе 2015 года, калі пераслед часова прыпыніўся, Могенс Бліхер Б’ерэгард напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку, павітаўшы “прагрэсіўную тэндэнцыю”. Разам з тым, ён прапанаваў кіраўніку дзяржавы ўнесці ў беларускае заканадаўства змены, якія замацавалі б прававы статус журналістаў-фрылансераў.

Прэзідэнт ЕФЖ звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі ў справе журналістаў-фрылансераў

Прэзідэнт ЕФЖ “раз’юшаны ростам штрафаў” беларускім фрылансерам

Каментары