760

Дзярждэпартамент ЗША: Мы сочым за справай Пальчыса, але большага сказаць пакуль не можам

19.10.2016 Крыніца: Аляксей Аляксандраў, БелаПАН

Улады Злучаных Штатаў працягваюць сачыць за развіццём сітуацыі з пераследам у Беларусі грамадзян па палітычных матывах, паведаміла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк на брыфінгу ў Мінску 18 кастрычніка.

Брынк падкрэсліла, што менавіта вызваленне шасці палітвязняў у жніўні 2015 года было тым крокам, які паўплываў на першапачатковае рашэнне аб змякчэнні санкцый ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.

Адказваючы на пытанне, як ЗША ставяцца да з'яўлення ў Беларусі новых зняволеных, якіх можна лічыць палітычнымі, у прыватнасці блогера Эдуарда Пальчыса, прадстаўнік Дзярждэпартамента адзначыла: "Я магу толькі сказаць, што мы ведаем пра гэту [крымінальную] справу. Мы ўважліва сочым за ёй, а таксама за іншымі падобнымі да яе. Большага сказаць не магу".

Пры гэтым Брынк падкрэсліла, што пры вырашэнні пытання, ці можна прылічыць канкрэтнага чалавека да палітвязняў, улады ЗША бяруць пад увагу мноства аспектаў.

Слуханне крымінальнай справы рэдактара сайта 1863x.com блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, пачалося ў Мінскім гарадскім судзе 14 кастрычніка. Яно праходзіць у закрытым рэжыме. Пальчыс абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК). У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме. Па выніках разгляду экстрэмісцкімі былі прызнаныя дзевяць артыкулаў, апублікаваных на сайце.

Сайт www.1863x.com быў створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Беларускія праваабаронцы лічаць Пальчыса палітвязнем.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!