158

Дзяржаўныя тэлеканалы адыходзяць ад неэфектыўных схем пры продажы рэкламы і створаць аб'яднаную кампанію

11.09.2019 Крыніца: "Наша Ніва"

Белтэлерадыёкампанія, АНТ, СТБ і «Мір» стварылі на парытэтных умовах прадпрыемства, якое будзе прадаваць рэкламу ў эфіры згаданых каналаў. Гэта будзе такі дзяржаўны сэйлз-хаўс.

Як паведамляе БелТА, «Тэлевізійны рэкламны альянс» пачне працаваць ад пачатку наступнага года.

Гэтае рашэнне выглядае стратэгічным і даўно наспетым — грошы, якія сыходзілі пасярэднікам, тэлеканалы змогуць накіроўваць на развіццё ўласнага кантэнту. Гэта зменшыць у эфіры долю расійскіх праграм, якія ў некаторых каналаў займаюць да 90% часу.

Цяпер у Беларусі прадаўцамі тэлерэкламы з'яўляюцца прыватныя кампаніі «Алькасар Медыя Сервіс» і «ВіАйБел», звязаныя з Сяргеем Цяцерыным, тэнісным трэнерам і сябрам Аляксандрам Лукашэнкі.

Пры гэтым фірмы, якія замяраюць аўдыторыю, таксама афілююцца з Цяцерыным. Атрымлівалася, што прадаўцы рэкламы пры абгрунтаванні цаны і размеркаванні грошай грунтаваліся на уласных дадзеных, якія было немагчыма праверыць звонку.