317

Дзяржаўныя газеты Брэсцкай вобласці сінхронна перадрукавалі артыкул пра блогера Сяргея Ціханоўскага

04.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Аднолькавыя публікацыі з’явіліся на сайтах дзяржаўных газет рэгіёна адразу пасля таго, як Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў Гродне, куды прыехаў як кіраўнік ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі жонкі Святланы.

Артыкул “Што нясе Ціханоўскі электарату?” спачатку з’явіўся на сайце абласной газеты “Заря”, а пасля быў перадрукаваны з гэтым ці іншымі загалоўкамі ў большасці дзяржаўных раёнак Брэсцкай вобласці.

Аўтар Юрый Шыманскі (дарэчы, журналіста з прозвішчам у рэгіёне ніхто дагэтуль не ведаў) згадвае ў публікацыі “картэж з дарагіх джыпаў”, на якіх нібыта перасоўваецца па Беларусі каманда Ціханоўскага, а таксама робіць высновы пра “расійскі” след яго YouTube-праекта “Краіна для жыцця”. Паводле аўтара, мэта гэтых паездак Сяргея Ціханоўскага па Беларусі — справакаваць мясцовыя ўлады на затрыманне блогера, каб пасля пра гэта паведамілі сродкі масавай інфармацыі.

“Хтосьці падумае: зразумелая справа — улада душыць апазіцыянера, змагара за справядлівасць. Вось менавіта на такое ўспрыманне і разлічана арганізаванае прадпрымальным блогерам шоў з элементамі палітыкі: справакаваць праваахоўнікаў на сілавыя дзеянні і потым пад гнеўныя крыкі сваіх прыхільнікаў з'ехаць на міліцэйскім аўто для разбіральніцтва”, —  робіць высновы Юрый Шыманскі.

Цікава, што акрамя гэтай публікацыі, амаль усе дзяржаўныя выданні Брэсцкай вобласці падчас цяперашняй выбарчай кампаніі перадрукавалі таксама артыкул карэспандэнта абласной газеты “Заря” Яўгена Літвіновіча “Выбары-2020. Збор подпісаў: абходы, пікеты і інтэрнэт-тэхналогіі”. Уласных матэрыялаў на сайтах раёнак на тэму выбараў зусім няма, калі не лічыць афіцыйныя паведамленні мясцовых выбарчых камісій.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!