3107

Дзяржаўная экспэртыза не знайшла экстрэмізму ў кнізе Анатоля Лябедзькі

23.10.2015 Крыніца: Уладзімір Глод, Радыё Сабода Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

 

Ашмянская мытня афіцыйным лістом паведаміла лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, што ў ягонай кніжцы «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», няма экстрэмізму.

Дзяржаўная экспэртыза не знайшла ў кнізе Лябедзькі экстрэмізму

У лісьце з мытні гаворыцца: «У экспэртным заключэньні зроблена выснова, што інфармацыйная прадукцыя, якую прадстаўлялі на экспэртызу, літаратурай экстрэмісцкага зьместу не зьяўляецца. Вышэйназваныя кнігі Вам будуць вернутыя».

Сёлета ў траўні на памежным пераходзе «Каменны Лог» у Анатоля Лябедзькі забралі больш за 30 асобнікаў ягонай кнігі. У акце аб выманьні тады зьявілася фармулёўка — «на прадмет устанаўленьня, ці ня ўтрымлівае кніга экстрэмізму і ці не падрывае яна асновы канстытуцыйнага ладу».

Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў гэтую гісторыю:

«Здаецца, варта падзякаваць пільным вартавым мяжы за плённы вынік. Дзяржаўная экспэртыза дэ-факта пацьвердзіла, што ўсё, апісанае ў кнізе, — гэта жорсткая сярмяжная праўда, гэта зьлепак, гэта люстэрка падзей таго часу. Яна, вядома, не падрывае канстытуцыйны лад краіны, яна толькі сьцьвярджае, што ў аснове гэтага самага ладу — прававое бязьмежжа і дух 37-га году».

Вернутыя асобнікі кнігі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» палітык мае намер перадаць у бібліятэкі і падарыць валянтэрам сваёй выбарчай каманды.

Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы (2012-2015 г.г.)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!