589

Дзяніс Івашын адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам

16.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра гэта паведаміла маці журналіста — Людміла Івашына. З ёй 16 сакавіка звязаліся прадстаўнікі следчай групы і паведамілі, што цягам дзесяці дзён Дзянісу будзе выстаўлена абвінавачванне. То бок у Дзяніса Івашына цяпер статус падазраванага па крымінальнай справе паводле арт.  365 Крымінальнага кодэкса  — "Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў". 

 

Паводле слоў Людмілы Івашынай, ёй далі зразумець, што справай займаецца Генеральная пракуратура.

Яна кажа, што Дзяніс пасля затрымання чатыры дні быў без сродкаў гігіены — перадачы не прымалі, і гэта з'яўляецца формай катавання чалавека. 

Таксама вядома, што Дзяніс адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам, бо лічыць сваё затрыманне палітычным пераследам.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі. 

Дзяніс Івашын займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты "Новы Час". Апошні яго матэрыял для "Новага Часу" быў пра тое, як былыя ўкраінскія "беркутаўцы" паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.

Таксама ён з'яўляецца журналістам і  рэдактарам беларускай службы сайта "ІнформНапалм".

Цікава, што яшчэ ў снежні 2020 года следчыя органы пачалі збор інфармацыі ў дачыненні да журналіста Дзяніса Івашына.

На сёння   ў зняволенні знаходзяцца 11 беларускіх журналістаў (Сяргей Гардзіевіч, журналіст "Першага рэгіёна", пад хатнім арыштам).

ГА "БАЖ" патрабуе неадкладнага вызвалення Дзяніса Івашына і ўсіх журналістаў!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!