281

«Дзве душы» Максіма Гарэцкага бясплатна пакажуць у эфіры 8 лістапада

04.11.2019

«Дзве душы» на ўсю Беларусь: спектакль галоўнай сцэны Купалаўскага ўпершыню пакажуць у прамым эфіры 8 лістапада, — паведамляе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

«Дзве душы» – гісторыя падмененых у дзяцінстве хлопчыкаў з сялянскай і панскай сем’яў, якія пасталелі і апынуліся ў цэнтры знакавых гістарычных падзей. Няпросты, глыбокі і бескампрамісны тэкст увасобіўся ў 32 сцэны, якія змяняюцца амаль з кінематаграфічнай хуткасцю. Эстэтыка гэтых фрагментаў цалкам абпавядае ўнутранай супярэчнасці галоўнага героя Ігната Абдзіраловіча, мэта якога – выйсці з бясконцага кола гвалту.

Жывая бясплатная трансляцыя адбудзецца 8 лістапада а 19 гадзіне праз відэасервіс VOKA ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра сумесна з кампаніяй А1.

Спектакль будзе даступны выключна ў прамым эфіры – з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары тэлефона.