НЕ - ВАЙНЕ!
237

Дзмітрыя Семчанку, экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула, сёння не выпусцілі з Акрэсціна ў прызначаны судом час

30.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У другой палове дня 30 верасня яго перавезлі з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Фрунзенскае РУУС Мінска, дзе склалі чарговы пратакол і перазатрымалі на 72 гадзіны.    

Родныя ўдакладнілі, што з улікам “новых абставінаў” Дзмітрыя Семчанку пакінулі за кратамі на выходныя, а пасля асудзяць наноў. Справа ў тым, што ў кампанію “Белагра”, дзе ён працаваў піяр-менеджарам пасля сыходу з дзяржаўнага тэлеканала АНТ, напярэдадні прыйшлі сілавікі — шэраг супрацоўнікаў арыштавалі і завялі крымінальныя справы.     

На ўмовах ананімнасці работнікі “Белагра” расказалі, што раніцай 29 верасня ў два мінскія офісы на вуліцах Глебкі і Ілімскай награнула з ператрусам цэлая брыгада прадстаўнікоў розных праваахоўных ведамстваў: АМАП, ГУБАЗіК, САХР. Кіраўніцтва адразу затрымалі, у астатніх пачалі правяраць тэлефоны. Падпісаных на “экстрэмісцкія” тэлеграм-каналы гэтаксама забралі.   

З размоваў паміж сілавікамі вынікала, што, хоць фармальнай падставай іх візіту ў “Белагра” агучвалася нібыта “ўхіленне ад падаткаў”, насамрэч прычынай паслужыла “палітычная крамола” — працаўладкаванне апальнага журналіста і падтрымка мірных пратэстаў-2020.    

Цягам 2009-2020 гадоў у якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Быў уганараваны шэрагам узнагарод, стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу “Тэлевяршыня” як лепшы рэпарцёр. Заслугі і аўтарытэт паспрыялі таму, што ўзначаліў “элітнае падраздзяленне” афіцыйнай прапаганды – брыгаду журналістаў, найбольш набліжаных да Лукашэнкі.   

Аднак у жніўні 2020-га Дзмітрый Семчанка ўчыніў нечаканы дэмарш — на знак пратэсту супраць гвалту праваахоўнікаў звольніўся з тэлеканала, заадно ахвяраваўшы дывідэндамі, якія прыносіў “прэзідэнцкі пул”. Публічна асудзіў беспрэцэдэнтную і неабгрунтаваную жорсткасць сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў, а ўрэшце далучыўся да масавых акцый пратэсту.   

10 верасня 2020 года на яго затрыманне кінулі цэлую каманду з крымінальнага вышуку — па падліках самога журналіста, блізу дзесяці  чалавек. Следам суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў Семчанку 15 суткамі адміністрацыйнага арышту паводле народнага артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Ніхто з кіраўніцтва тэлеканала за свайго работніка не ўступіўся.

Нейкі час з “воўчым білетам” ён заставаўся беспрацоўным, пакуль у лістападзе 2020 года не прынялі ў штат кампаніі “Белагра”. Сам тады прызнаваўся: меркаваў, што будуць баяцца браць на працу. 

“Некаторыя мае калегі, якія таксама сышлі з АНТ, ужо сутыкаліся з тым, што працадаўцы засцерагаліся іх браць, баючыся “наезду” кантралюючых органаў ды іншай помсты з боку ўладаў. Таму адчуваю падзяку і павагу да ўсіх, хто прапанаваў мне працу”, — казаў журналіст.

Зрэшты, сёлета пра “перабежчыка” зноў узгадалі. 15 верасня Дзмітрыя і яго жонку затрымалі ў Мінску нібыта за “рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў”. Юлію пасля складання пратакола адпусцілі па павестцы да суда (у сям’і непаўнагадовае дзіця), а яго пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання.

16 верасня ўсё той жа суд Фрунзенскага раёна адправіў колішняга палітычнага аглядальніка АНТ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту “за дробнае хуліганства”. Юлію Семчанку пакаралі штрафам у памеры 960 рублёў. У апошні дзень верасня сканчваўся прызначаны тэрмін зняволення, аднак з Акрэсціна журналіст так і не выйшаў.

Ягоныя блізкія не выключаюць, што да гэтага наўпрост спрычыніўся візіт сілавікоў на “Белагра” — кампанія займаецца продажам сельгастэхнікі і запчастак, мае афіцыйныя прадстаўніцтвы ў шэрагу краін. Вынікам “зачысткі” сталі як крымінальныя, так і адміністрацыйныя справы.

На гэты момант вядома мінімум пра дзясятак калегаў Дзмітрыя Семчанкі  з “Белагра”, якіх пакінулі пад вартай: гендырэктар Уладзімір Пятроўскі і яго жонка-бухгалтарка, супрацоўнікі аддзелу закупак Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман, Арцём Зубракоў, а таксама сакратарка, кіраўнік службы бяспекі і некаторыя іншыя.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, распачатыя крымінальныя справы,  “звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фармаванням”. Яшчэ шэраг затрыманых фігуруюць у адміністрацыйных справах за падпіску на “экстрэмісцкія каналы”.  

Што да Дзмітрыя Семчанкі, як мінімум выходныя яму аўтаматычна “працягнуць” на Акрэсціна. А далей — ці новыя “суткі”, ці крымінальная справа, як і ў іншых калегаў.   

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!