Відэа

Дзіма Завадскі. Відэа

07.07.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" 4265
Фрагменты дакументальнага фільма Леаніда Міндліна "Слова і час".

У фільме выкарыстаныя відэазапісы, зробленыя самім Дзімам, а таксама кадры іншых тэлеаператараў.

У прыватнасці:

- Дзмітрый Завадскі на лаве падсудных разам з Паўлам Шараметам, 1998 год. (Суд па крымінальнай справе за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы. Здымачная група зрабіла сюжэт пра незавершаную дэмаркацыю беларуска-літоўскай мяжы. Суд пачаўся ў снежні 1997 і скончыўся ў студзені 1998 года прысудам – умоўна два гады для Шарамета і паўтара – для Завадскага. Але пасля затрымання Шарамет паспеў правесці за кратамі больш за 2 месяцы, Завадскі – больш за 1 месяц.)

- Затрыманне здымачнай групы ОРТ байцамі спецатраду асобага прызначэння па пл. Я. Коласа на Дзень волі ў Мінску ў 2000 годзе (здымае Д. Завадскі)

- Дзмітрый працуе ў Чачні, 2000 год.

- Некалькі акцый з патрабаваннем праўды пра лёс зніклага аператара. 

 

Дзмітрый Завадскі нарадзіўся 28 жніўня 1972 года.

З 1994 па 1997 гг. працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997 г. пайшоў аператарам на Грамадскае расійскае тэлебачанне ("ОРТ").

Вясной 1997 г. быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы (падчас здымкаў рэпартажу пра яе празрыстаць) і ўмоўна асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999 па май 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў для ОРТ фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».

Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае знявлоленне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баявікоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую спрычыненасць высокіх дзяржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.

З таго часу расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.