1662

Джасцін Варылек беларускім журналістам: Заўсёды ўдакладняйце суму і дату пачатку працы! Лепш пісьмова

08.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Настасся Анісімава з Расіі знайшла прывабны грант на трохтыднёвую стажыроўку ў ЗША. Глядзела, як працуюць тамтэйшыя СМІ, наладжвала карысныя кантакты, адпачывала на пляжы… Потым вярнулася ў свой «Коммерсантъ FM» з новым досведам, а амерыканскія калегі цяпер ведаюць, да каго звярнуцца ў Маскве па інфармацыю.

Андрэй Гілан з Малдовы загадзя праанансаваў замежным рэдактарам будучыя мітынгі ў Кішынёве і прарэкламаваў свае здольнасці фатографа. У выніку ў часе вулічных пратэстаў 2015 года некалькі расійскіх выданняў купілі яго фотаздымкі па даволі высокім кошце.

Усё гэта журналісты рабілі пры дапамозе сеткі HackPack, якая ўвайшла у дзясятку найлепшых медыятрэндаў 2015 года.

Яе стваральнік –  амерыканскі журналіст Джасцін Варылек – 7 чэрвеня прэзентаваў праект беларускім калегам у мінскім “Прэс-клубе”.

Сама каманда HackPack называе свой праект “Airbnb для журналістаў”: толькі замест жытла вы “арандуеце” супрацоўніка медыя ў патрэбнай вам краіне.   

Паводле Джасціна, сетка адкрывае шмат магчымасцяў для журналістаў і ў Беларусі. Важна толькі “пісьменна” падаць сябе, заручыцца добрымі рэкамендацыямі і своечасова праанансаваць цікавыя інфармацыйныя нагоды ў сваёй краіне.

– 1 ліпеня ў вашай валюты “спішуць” чатыры нулі. Чым не тэма для замежных СМІ? – разважае Джасцін Варылек.

Бэта-версія HackPack стартавала летам мінулага года. Сёння ў сетцы ўжо зарэгістравана 5100 чалавек са 129 краін свету: шараговых журналістаў, рэдактараў, прадзюсараў. У кожнага ёсць магчымасць ацаніць іншага фігуранта сістэмы: хто як адпрацаваў, хто як заплаціў…

Узнікалі і канфліктныя сітуацыі: фіксер у Індыі не да канца зразумеў умовы супрацоўніцтва, заклаў уласныя грошы, а пасля яго паслугі не спатрэбіліся. Каманда HackPack стараецца выступіць пасярэднікам – высвятляе, чый дзе “касяк” і ў залежнасці ад гэтага дзейнічае: стараецца спагнаць пазыку з вінаватага, калі не атрымліваецца – можа панізіць яго рэйтынг у сістэме, а часам, у выпадку адмены замовы па важкіх прычынах, – нават кампенсаваць палову сумы выканаўцу.

– Калі не вельмі добра валодаеце мовай, на якой вядзеце перамовы, – заўсёды ўдакладняйце суму і дату пачатку працы. Лепш пісьмова, – раіць Джасцін.

9 чэрвеня ён правядзе ў Мінску майстар-клас па стварэнні ўласных медыя-стартапаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!